- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Я даўно ведаў, што ў Белстаце працуюць чарадзеі, але гэтым разам яны перасягнулі сябе. Днямі Белстат апублікаваў звесткі пра сярэдні заробак у мінулым снежні і 2011 годзе наогул. Шмат у чым яны выглядаюць шакіруючымі, бо сцвярджаюць, што "жить стало лучше, жить стало веселее". Перадусім, афіцыйная ўстанова сцвярджае, што ў першы месяц зімы заробак беларусаў скокнуў адразу на 438 тысяч рублёў і дасягнуў 2 мільёнаў 877 тысяч. Найбольш атрымліваюць у сталіцы, што не дзіўна, аднак сярэдняя лічба усё-такі ўражвае — 3 мільёны 829 тысяч рублёў. Гэта амаль што знакамітыя "500 долараў". Ці многа сёння, пасля дзвюх абвальных дэвальвацый, тых, хто можа ганарыцца такім заробкам? Але спрачацца з гэтымі данымі складана. Справа ў тым, што сярэдні заробак — гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы. Пэўна, для некага леташні крызіс быў добрай магчымасцю палепшыць свой дабрабыт. Напрыклад, для тых, хто купляў, дзякуючы сувязям, валюту па курсе Нацыянальнага банка, а прадаваў па рэальным, часам вышэйшым удвая.