- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Напачатку бягучага году шмат хто чакаў дэвальвацыі, бо перадвыбарчая напампоўка эканомікі пустымі грашыма не магла застацца без наступстваў. Але ўявіць, што рубель лясне з 3000 за 1 даляр да 6000, потым 7000, 8000, 9000 на "чорным" рынку... Над тым, хто б агучыў такі прагноз, мусіць, пасмяяліся б нават праціўнікі цяперашняй улады. Аднак дзякуючы кіраўніцтву краіны рэчаіснасць пераўзышла ўсе чаканні. Рубель абрынуўся ў тартарары. У плечы яго падпіхнулі некампэтэнтныя дзеянні тых, хто вызначаў валютную палітыку. А гэта ў Беларусі перш за ўсё Аляксандр Лукашэнка. Старшыні Нацыянальна банку Петр Пракаповіч і Надзея Ермакова – толькі паслухмяныя выканаўцы манаршай волі. Курс трымалі да апошняга. Спачатку на мяжы 3000 Br/1 USD, потым – 5000 Br/1 USD. Але атрымалася толькі горш. На нейкім этапе ўлады усур'ёз прыглядаліся да кітайскай мадэлі: маўляў, «насельніцтву долары не патрэбныя". Аднак канчаткова скасаваць прынцып свабоднага продажу валюту усё-ткі не рызыкнулі.