Ці магчыма ў турме размаўляць па-беларуску? Распавёў Яўген Меркіс
2025-09-18 20:24
Сярод вызваленых і прымусова экспатрыянаваных 11 верасня беларускіх палітвязняў быў гомельскі журналіст Яўген Меркіс. Яго асудзілі на 4 гады зняволення за супрацоўніцтва з «Белсатам» і «Флагштокам» — па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» і «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яўген, які цяпер знаходзіцца ў Літве, адказаў на пытанні «Флагштока».
Затрыманнем кіраваў малады КДБшнік. Пасля, калі журналіст быў у СІЗА супрацоўнік КДБ прыходзіў да Яўгена і спрабаваў выцягнуць інфармацыю: як фінансуецца Белсат, хто з журналістаў працуе ў Беларусі, хто кіруе Флагштокам:
«Ціснулі, палохалі некалькімі цяжкімі артыкуламі. Але я катэгарычна адмовіўся. З таго часу КДБшнік болей не прыходзіў».
Яўген Меркіс са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
На судзе выклікалі сведкаў, але іх набор быў вельмі дзіўным. Дапытвалі ў тым ліку сяброў, а адной са сведкаў была жанчына, якая часта з’яўлялася на розных івентах, прыкідвалася «сваёй», а пасля давала сведчанні як супраць Ларысы Шчыраковай, так і супраць Яўгена:
«Гэта Жанна Пікоўская, якая давала паказанні, што я прыходзіў на мерапрыемствы з мікрафонам з лагатыпам Белсату, хаця ў мяне такога мікрафону не было. У выніку прысуд мае абсурдныя формулы, дзе напісана размытай мовай пра тое, што я мог сфарміраваць у людзей нейкае негатыўнае стаўленне, і за гэта я пакараны».
Урывак з прысуду Яўгена Меркіса
«Падыход, які вельмі псуе жыцце, — зэк не павінен мець вольнага часу»
Пасля прысуду Яўгена накіравалі ў калонію ў Шклоў:
«Хоць раней у СІЗА і калоніях ніколі не сядзеў, але дзякуючы кнігам, расповедам савецкіх дысідэнтаў уяўляў, як выглядае сістэма. Таму мне асабіста было лягчэй, бо гадамі быў у тэме».
Аднак цяжкасці Яўген перажываў як і ўсе «палітычныя»: забарона наведваць спортзал, стадыён, нават бібліятэку і царкву. Даводзілася пастраянна быць у напружанні, бо трэба было сачыць за тым, што адбываецца навокал, і за сабой:
«Каб не далі якога парушэння, а тым больш вакол стукачы, і не ведаеш дакладна хто менавіта. Сістэма прасякнута ўстаноўкай: зэк павінен пакутаваць. Падыход, які вельмі псуе жыцце, — зэк не павінен мець вольнага часу. Адміністрацыя стварае вельмі шчыльны графік. Акрамя прымусовай працы — розныя лекцыі дадаткова, дзяжурствы, як у войску трэба стаяць на тумбачцы ў атрадзе, грамадскія працы часта безсэнсоўныя, прагляды фільмаў на выходных. Таму зэкі вельмі выматаныя».
Яўген, які ў паўсядзённым жыцці размаўляе па-беларуску, практыкаваў гэта і ў СІЗА, але не ў калоніі:
«У шклоўскай калоніі мне хутка далі зразумець, што ў цябе будуць гіганцкія праблемы. І на прыкладах іншых сядзельцаў стала зразумела, што я яшчэ больш прыцягну да сябе ўвагу, і пачнуць кідаць у ШІЗА, дзе можна нават за пару дзен пасадзіць здароўе. Потым — ПКТ, крытая турма».
Яўген бачыў у калоніі шмат людзей, якія хутка псіхалагічна зламаліся, нехта пачынаў вар’яцець. Фонам у многіх адбываліся сумныя падзеі: смерці блізкіх, разводы. Цяжка было пераносіць тое, што «палітычным» забараняюць ліставацца з сябрамі, важнымі табе людзьмі, а дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі.
«Дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі»
Як журналісту Яўгену цікава было імкнуцца сачыць за навінамі, якія ўдавалася атрымліваць вельмі абмежавана — толькі з дзяржаўных радыё і тэлебачання. Асабліва — пра ход вайны Расіі супраць Украіны, бо да затрымання Яўген, нягледзячы на небяспеку, імкнуўся фіксаваць сітуацыю з прысутнасцю ў Гомелі расійскіх войскаў і дзяліцца інфармацыяй з незалежнымі медыя.
«Пры праглядзе тэлебачання ў калоніі цанілі перадачы расійскай прапагандысткі Скабеевай, бо яна з мэтай высмейвання паказвала замежную хроніку, урыўкі рэпартажаў замежных СМІ, часам былі бачныя бягучыя радкі, і дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі. Штосьці распавядалі „белыя“ [непалітычныя крымінальнікі], якія атрымлівалі інфармацыю на спатканнях з роднымі. Дзяліліся, хто што чуў, абменьваліся навінамі, бачылі агульны трэнд», — гаворыць Яўген.
Ён адзначае, што асноўнай крыніцай навін было тэлебачанне, якое часам уключалі:
«Самае каштоўнае ў навінах на дзяржТБ — бягучыя радкі, інфармацыя з якіх не заўсёды трапляла ў змантаваныя сюжэты. Звярталі ўвагу, на чым акцынтуецца прапаганда. І далей спрабавалі аналізаваць. Нават газета „СБ“ магла быць крыніцай інфармацыі — уважліва чыталі вялікія тэксты і часам знаходзілі там пару каштоўных радкоў».
«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі»
Пра тое, што ідзе праца па вызваленні палітвязняў, у калоніі разумелі з афіцыйных навін:
«Шокам для ўсіх стала, што выпусцілі Сяргея Ціханоўскага. Здавалася, што мы тут робім, калі ўжо нават Сяргея вызвалілі? Таму чакалі вызвалення, але працэс адбываўся раптоўна».
Яўген меркаваў, што яго разам з іншымі палітвязнямі могуць вывезці за мяжу — так і адбылося. З’язджаць з Беларусі ён не хацеў:
«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі. Але зараз гэта немагчыма. Разумею, што калі б я паспрабаваў вярнуцца, альбо калі б мяне вызвалілі па сканчэнні тэрміна, была б гіганцкая рызыка, што мяне ў любы момант без прычыны маглі б зноў затрымаць. Таму бліжэйшыя планы пакуль — прыйсці ў сябе».
Яўген хацеў бы далей рэалізоўваць свае навыкі, калі для гэтага з’явяцца ўмовы:
«Не ўпэўнены, што гэта будзе журналістыка. Магчыма — уласны блог, аналітыка».