Ці будзе адноўлена бібліятэка Радзівілаў?
2020-06-06 23:50
Больш дзесяці гадоў таму Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала працу па аднаўленні ўнікальнай гістарычнай бібліятэкі Радзівілаў – буйнейшага кніжнага збору Усходняй Еўропы.
У віхуры апошніх стагоддзяў бібліятэка была разрабаваная і расцярушаная па ўсім свеце. Унікальны кніжны збор у Беларусі вырашана аднавіць у віртуальным фармаце. Дзеля гэтага быў створаны адмысловы міжнародны савет, але справа да канца так і не была выканана.
Кажа дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі:
– Прапаную аднавіць працу міжнароднага савету. Пасля сканчэння пандэміі неабходна правесці яго пасяджэнне, але перад тым, як праводзіць пасяджэнне міжнароднага савету, то цалкам мэтазгодна правесці пасяджэнне Нацыянальнага камітэту для таго, каб падвесці вынікі.
Паводле Рамана Матульскага, праца павінна быць нацэлена на выкананне першасных задач:
– Першае, неабходна інтэграваць ужо створаныя ў розных бібліятэках бібліяграфічныя рэсурсы запісаў і на іх падставе стварыць інтэграваную базу дадзеных. Другое, правесці расшыфроўку запісаў, якія ўтрымліваюцца ў вядомых цяпер вопісах і каталогах бібліятэкі Радзівілаў і на падставе створаных запісаў папоўніць бібліяграфічную базу дадзеных.
Кніжны збор князёў Радзівілаў толькі ў нясвіжскай сваёй частцы да 1772 года налічваў больш 20 000 тамоў і з’яўляўся адным з багацейшых прыватных кнігазбораў на тэрыторыі ВКЛ. Радзівілаўская бібліятэка ўключана ў спіс сусветнай дакументальнай спадчыны ЮНЭСКА.
Беларускае Радыё Рацыя