- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Таксама міжволі ўзнікаюць і развагі. Ужо не ўпершыню даводзілася дзівіцца зладжанасці і з’яднанасці прыходскога жыцця на Беласточчыне: кожны веруючы ўсведамляе сябе прыхаджанінам пэўнага прыхода, удзельнічае ва ўсіх прыходскіх справах, настаяцель ведае ўсіх пастаянных прыхаджан, і дагэтуль, згодна з традыцыяй, у прыходзе загадзя абвяшчаецца пра будучыя шлюбы сваіх прыхаджан і г.д. На такія вялікія хрэсныя ходы, як 15-кіламетровы да Супрасля, альбо 150-кіламетровы да святой гары Грабаркі, прыхаджане ідуць ад сваіх прыходаў на чале са святаром. Безумоўна, гэта сведчыць пра моц царкоўнай традыцыі, якая, на шчасце, не перарывалася на гэтых землях. Кожная сям’я, належачы да пэўнага прыхода і ўдзельнічаючы ў прыходскім жыцці, усведамляе сябе неад’емнай часткаю свайго прыхода. У большасці гэтае пачуццё прыналежнасці ўзнікае з маленства і захоўваецца на працягу доўгіх гадоў, дзе б яны ні жылі. Часта даводзіцца чуць ад беластоцкіх сяброў, што яны збіраюцца ехаць «на сваё прастольнае свята ў свой храм», гэта значыць у тую вёсачку ці гарадок, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Хоць яны ўжо даўно жыхары цэнтра ваяводства або прыхаджане аднаго са сталічных храмаў.