Беларусь запалоханасці, параноі і бяссілля
Тое, што беларускае грамадства знаходзіцца ў посттраўматычным стане,
не навіна. Нават тут, у Польшчы, я чую пастаянна, як людзі перажываюць
панічныя атакі, пабачыўшы чорны бус на вуліцы ці паліцыянта ў форме.
Мы прывезлі з сабой «Беларусь у сэрцы» ў самым шырокім сэнсе гэтага
выразу.
Мы прывезлі не толькі салідарнасць, працавітасць і сціпласць, за якія
беларусаў так любяць усюды. Мы прывезлі з сабой у дадатак Беларусь
запалоханасці, параноі і бяссілля.
Я і сама доўгі час шарахалася ад нечаканых званкоў у дамафон, цяпер
сэрца ўжо не выскоквае так моцна, прызвычаілася. Але я дагэтуль заміраю
ў жаху ад гуку самалёта над галавой, як у першыя дні вайны. І ўжо
не ведаю, ці калісьці гэты страх змагу пераадолець.
Ёсць і іншыя праявы траўмаванасці, не настолькі відавочныя, заўважныя
не адразу. Толькі ў эміграцыі я іх глыбока ў сабе і ў сваіх блізкіх
з непрыемнасцю ўбачыла.
Найперш давялося пераадольваць у дзяцей звычку звышпаслухмянасці, якая
аказалася дужа трывалай. Трэба было прыкласці намаганні, каб яны
ўсвядомілі, што ўсё можна. Можна пісаць у любых сшытках, любога колеру
і памеру, любымі ручкамі і алоўкамі, якія толькі даспадобы. Можна
ў школьных сшытках маляваць на палях, калі душа пажадае, можна
падпісваць іх дзе заўгодна і як заўгодна. Можна насіць у школе любое
адзенне, у якім табе камфортна, і да т. п. Хаця, здаецца, яны дагэтуль
застаюцца больш асцярожнымі і палахлівымі, чым польскія дзеці.
Гэта не так лёгка — дазволіць сабе быць свабоднымі.
Сшыткі дачкі
Выпадак у польскай школе — нязвыкла нармальна і па-чалавечы
Але наймацнейшае ўражанне зрабіў ня мяне, прымусіўшы задумацца,
наступны эпізод. Прайшло пару месяцаў ад нашага прыезду ў Гдыню,
як я атрымала ліст ад класнай кіраўніцы, дзе яна прасіла мяне прыйсці
да яе асабіста ў школу на размову аб маім сыне. Ці трэба казаць,
наколькі мне прыкра зрабілася! Я не магла дачакацца прызначанай гадзіны,
праца валілася з рук ад хвалявання. Я ўсё думала, што ж ён ужо паспеў
такога нарабіць, раз мяне выклікаюць? Загадзя раззлавалася
і разнервавалася, рыхтуючыся да непрыемнага візіту.
І вось гадзіна ікс. Прыходжу ў школу, сядаем з настаўніцай адны
ў класе, у мяне ўсё сціскаецца ўнутры ад дурных прадчуванняў. І яна кажа
са шчырай заклапочанасцю прыкладна наступнае:
— Я хацела спытаць, ці расказвае сын дома пра свой клас? Што
ён думае аб школе, як пачуваецца? Ён выглядае такім самотным, нягледзячы
на ўсе мае намаганні. Я не ведаю, ці я дастаткова стараюся? Што яшчэ
я магу зрабіць, каб яму было добра ў нашым класе?
То-бок яна не магла сказаць такое па тэлефоне ці лістом, яна выклікала
мяне асабіста, каб паведаміць, што мой сын выглядае адзінокім і гэта
яе хвалюе. Ніводзін з патэнцыйных варыянтаў, што пранесліся ў маёй
галаве, пакуль я ішла на тую размову, не меў нават намёку на такую
развязку. У мяне і думкі не прамільгнула, што мяне могуць выклікаць
дзеля чагосьці добрага. Пазітыўнай мадэлі развіцця падзеяў у маіх мазгах
проста не было прадугледжана, яна там не мела шанцаў нарадзіцца.
Бо я добра ведаю, што значыць «выклікаюць у школу» згодна з нашымі
беларускімі рэаліямі.
Я ледзь не расплакалася тады ад слоў настаўніцы. Ад расчуленасці,
найперш, бо гэта было так кранальна, так нязвыкла нармальна, так
па-чалавечы! Але больш, канечне, ад пачуцця ўласнай забітасці,
зацкаванасці. Стала моцна шкада сябе і іншых такіх, як я, беларусаў.
Бо ведаю, што гэта не толькі маё асабістае, гэта наш агульны псіхічны
стан — увесь час чакаць удару, згрупавацца і быць напагатове,
прадчуваючы напад. Бо любыя стасункі з дзяржаўнай установай для
беларуса, куды б ты ні пайшоў, ці ў паліклініку, ці ў школу,
ці ва ўрад, — гэта патэнцыйны стрэс, гэта гатовасць быць заатакаваным,
гатовасць да таго, што на цябе зараз пачнуць крычаць і ты будзеш
вымушаны бараніць свае межы.
Убудаваны рэжым абароны і змагання
«Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе» спявалі мы ў юнацтве разам
з Лявонам Артуравічам. Тады гэта здавалася толькі вясёлай драйвовай
песняй. Цяпер я разумею, наколькі тут глыбокае і трапнае апісанне
беларускай ментальнасці.
Таму што беларус не разлічвае на лепшае. Беларус заўжды пры поўнай
«амуніцыі», падрыхтаваны да горшага. Не таму што мы ад прыроды злыя
пахмурыя людзі. А таму што рэчаіснасць прывучыла нас да гэтага. У той
жа час, магчыма, гэтая перасцярога робіць нас мацнейшымі,
загартаванымі?
Мы маем вышэйшую імавернасць выжыць у параўнанні з больш «наіўнымі»,
«расслабленымі» народамі, бо рэжым абароны і змагання ўбудаваны ў нас
ад нараджэння. Магчыма... А мо я толькі сябе ўгаворваю, і нічога добрага
ў гэтай траўмаванасці няма, адзін боль і знявечаная чуласць?
Траўма ўнутранай эміграцыі і супрацьстаянне таталітарызму
У Беларусі я старалася жыць, максімальна адмежаваўшыся ад дзяржавы,
не ўступаючы з ёю ў кантакт, наколькі гэта было мажліва. І была
ўпэўненая, што такім чынам захоўваю розум свабодным, бо свядома абіраю
не падпарадкоўвацца сістэме, жыць па-за ёй, асобна, «на хутары»,
ва ўнутранай эміграцыі.
Толькі выехаўшы з Беларусі і зірнуўшы на сябе пад новым ракурсам,
я ўсвядоміла, наколькі моцна тая сістэма насамрэч прарасла ўнутры мяне.
Я цалкам арганічная яе частка, і таталітарнае мысленне ўжо глыбока ўва
мне, яно зрабіла мяне трывожным насцярожаным чалавекам, які не чакае
ад іншых нічога добрага.
Дык ці можна супрацьстаяць таталітарызму, жывучы ў знітаванасці з ім?
Ці ёсць у нас шанец «вылечыцца» ад гэтага паразіта, што прысмактаўся,
як амяла да дрэва? Ці трэба ўсё ж ад пачатку нарадзіцца ў свабоднай
краіне, каб мець гарантаванасць вырасці свабодным?
Нездарма ж Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустыні, каб яны
цалкам пазбыліся рабскага мыслення і толькі тады змаглі пачаць жыццё
нанова ў сваёй краіне.
Наста Кудасава і Святлана Дземідовіч у ліцэі з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім
Вучыцца жыць у здаровым грамадстве
Безумоўна, ніякая дзяржава не ідэальная, і людзі не могуць быць усюды
мілымі і добрымі. Ёсць заганы і ў польскай краіне, здараецца рознае. Але
галоўнае, што яна здаровая ў сваёй аснове, а жыць у здаровым грамадстве
мне трэба вучыцца, як аказалася.
Трэба вучыцца ўсміхацца незнаёмцу, які раптам захацеў з табой
у тралейбусе загаварыць пра пекнае надвор’е, вучыцца вітацца з усімі
ў чарзе да лекара, вучыцца з добрымі прадчуваннямі ісці на бацькоўскі
сход, вучыцца не баяцца шчырасці і верыць у тое, што свет можа быць
не заўсёды варожым да цябе, часам ён «выклікае на размову», каб цябе
прытуліць і сагрэць. Баюся, усім нам давядзецца гэтаму вучыцца.
І можа аднойчы, праз «сорак гадоў» блуканняў па пустыні сораму,
падазронасці і страху, народзяцца тыя, што сапраўды «ніколі не будуць
рабамі», як завешчана.
Наста Кудасава, Budzma.org