Тактыка масавых затрыманняў вярнулася
2020-08-28 08:43
Пасля кароткай паўзы суды і затрыманні актывістаў вярнуліся.
Толькі ўчора на плошчы Незалежнасці ў Менску, паводле праваабарончага
цэнтру «Вясна», затрымалі 30 асобаў. Каля 100 чалавек працаўнікі АМАПу
заблакавалі ў будынку Чырвонага касцёлу, зачыніўшы цэнтральную браму.
Гэта нельга акрэсліць і даць канкрэтную адзнаку таму, што адбылося. У XXI
стагоддзі, здавалася б, у прававой дзяржаве, – такое ўвогуле не
магчыма. Мы не робім сегрэгацыі: ты тут з мітынгу – не ўваходзь у
касцёл. Касцёл адчынены для кожнага чалавека», – кажа прэс-сакратар
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.
Паводле сведкаў гэтых падзей, сілавікі затрымлівалі выключна мужчынаў. Аднак дасталася і грамадскай актывістцы Ніне
Багінскай, якая адмовілася прыбіраць бел-чырвона-белы сцяг на загад
АМАПу. Тады яго ў жанчыны груба адабралі.
«Я
заўжды пачувала сябе не рабой, а свабодным чалавекам, таму я і
падтрымліваю гэты рух з 80-х гадоў і пакуль жывая, я не баюся гэты АМАП.
А калі будуць штосьці ў мяне забіраць, як бандыты, я буду бараніць сваю
маёмасць, я магу біць нагамі, магу лаяцца, і гэта – культурна. Ну,
культурна», – распавядае грамадская актывістка Ніна Багінская.
Бадай, гэта было першае адкрытае масавае затрыманне людзей пасля хвалі гвалту падчас мірных пратэстаў 9, 10 і 11 жніўня.
«Яны
жадаюць перачакаць, калі імпэт у народу сціхне, яны перастануць
выходзіць на дэманстрацыі масава. А з іншага боку, яны пачынаюць
падціскаць. Гэта заўважна на працягу некалькіх апошніх дзён. Пазаўчора
было ля 50 чалавек па краіне затрымана. Учора толькі ў Менску – 30
чалавек, і таксама адбываліся затрыманні ў рэгіёнах. Мне падаецца, што ў
бліжэйшыя дні такую тактыку мы будзем назіраць», – мяркуе сябра рады
праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Працягваюць ціснуць на актывістаў страйкамаў. Сёння стала вядома пра звальненне прэс-сакратара страйкаму «Беларуськалію» Глеба Сандраса паводле артыкулу за прагулы працы. На 10 содняў асудзілі лідара страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага, да таго ж – сябра прэзідыуму Каардынацыйнае рады. Адвакаты нават не ведаюць, дзе ён.
«Асаблівы ціск аказваецца на прадстаўнікоў страйкамаў
на прадпрыемствах. Таму што гэта самая небяспечная для ўладаў зʼява –
страйк. І яны вельмі асцерагаюцца страйкаў, таго, што прадпрыемствы і
заводы стануць, перастануць працаваць, і гэта будзе вельмі сурʼёзная
праблема для іх», – кажа Валянцін.
Не пусцілі абаронцу і да сябры прэзідыуму Рады Вольгі Кавальковай, якую асудзілі на содні за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. У Следчы камітэт працягваюць па чарзе выклікаць іншых прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады. Сёння з раніцы на допыце была Марыя Калеснікава. Як і ўсе астатнія, яна адмовілася сведчыць супраць сябе, а таксама дала падпіску аб неразгалошванні.
«Мы
ў чарговы раз гэта бачым. Гэта інструмент уціску на грамадскую
супольнасць, і ўлады адмаўляюцца слухаць сваіх грамадзянаў, такім чынам прымяняючы да іх гвалт», – зазначае чалец прэзідыуму Каардынацыйнае рады Марыя Калеснікава.
Звярнуліся
да праваабарончага цэнтру «Вясна» і студэнты, якіх выклікаюць на
размовы ў навучальных установах з пытаннямі самаарганізацыі студэнцкіх
радаў і супольнасцяў, нагадваюць пра верагодныя магчымасці крымінальнае
адказнасці за актыўны ўдзел у акцыях. Праваабаронцы раяць не ўтойваць
фактаў уціску, рабіць іх публічнымі, што ўскладніць працу сілавых
органаў.