Сяржук Сыс: «Чалавек без пярчынкі – нібы верш без рытму»
2025-11-12 16:03
Нядаўна былі абраныя лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды». Сярод іх — 63-гадовы праваабаронца, паэт, журналіст і перакладчык Сяржук Сыс. Ён друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях; аўтар шматлікіх калектыўных зборнікаў і анталогій, публікацый у часопісах і газетах, а таксама кніг паэзіі. Ягоныя творы перакладаліся больш чым на дзесятак моў.
У 2007 годзе па запрашэнні
Алеся Бяляцкага далучыўся да працы ў праваабарончым цэнтры «Вясна». Прымаў удзел у многіх праваабарончых місіях, неаднаразова затрымліваўся за асвятленне альбо ўдзел у масавых мерапрыемствах. З прычыны крымінальнага пераследу быў вымушаны шукаць палітычнага прытулку спачатку ва Украіне, а затым — у Літве.
Гэтае інтэрв’ю — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».
Зборнік будзе прэзентаваны 15 лістапада 2025 года ў 17:00 падчас дыскусіі з лаўрэатамі і лаўрэаткамі Прэміі «Голас пакалення свабоды» у Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1).
У вёсцы беларускасць прымалі, аднак лічылі як бы хатняй, неафіцыйнай
— Сяржук, паэтычны ключ да мовы — гэта дзяцінства?
— Бацькі і кнігі. Да кніг прывучвала маці, яна працавала ў школьнай бібліятэцы. Жыццё пад кантролем: з урокаў не ўцячэш, як іншыя хлопцы. Чытаў без разбору, што трапляла пад руку. І аднойчы наткнуўся на «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Зачапіла мова — нейкі ток праз душу. А потым вясковая школа, дзе гаварылі перамешанай, амаль беларускай мовай.
Тата быў трохі дысідэнтам — пісаў пародыі на Хрушчова, хаваў іх у шуфлядзе. Па начах слухаў таемныя галасы на старым лямпавым прыёмніку: «Ватыкан», «Свабоду»... Я, малы, крадком падслухоўваў і не разумеў, чаму робіць гэта ўпотай. Дайшло пазней: Беларусь трэба берагчы.
— У вас і цяпер адчуваецца вера ў асвету, слова, у прыгажосць простага жыцця. Адгукаецца ўласнае настаўніцтва?
— Пасля вучобы доўга не ведаў, куды ісці, але выпадкова ўсё вырашылася: суседская дзяўчына паступіла ў Гомелі на гістфак і прапанавала рушыць услед. На іспытах гаварыў выключна па-беларуску. Прайшло лёгка.
— І ўсё ж: школа таго часу — для вас гэта месца росту ці ўцёкаў?
— Як шчыра, і тое, і тое. У вёсцы Дабрагошча Жлобінскага раёна, дзе апынуўся па размеркаванні, рабіў урокі жывымі. Прыносіў альбомы, кнігі, гульні — інтэрактыў у дзеянні. І гэта працавала: дзеці пачыналі гаварыць па-беларуску нават на вуліцы. Мяне натхняла, што яны ўспрымаюць мову сваёй, а не змушана «абавязковай».
— А ў настаўніцкай нехта яшчэ гаварыў на ёй?
— Амаль не. Зрэдзьчас толькі маладыя настаўнік фізікі і фізрук. Астатнія — з горада: прыязджалі, вучылі і з’язджалі. Беларускасць успрымалася імі як нешта правінцыйнае, хоць і з павагай. Але я не адчуваў сябе чужым: проста рабіў сваю справу.
— Падручнікі былі па-беларуску?
— Не. Канец васьмідзясятых, ужо ўсё на «великом и могучем».
— Многія і праз гады ўспамінаюць русіц як любімых настаўніц, а на выкладчыкаў беларускай часцей крывяцца. Чаму?
— Адлюстраванне грамадства таго часу. Беларускасць лічылася як бы хатняй, неафіцыйнай. Гарадскія педагогі прывозілі з сабой русіфікацыю. Але ў маёй школе яшчэ трымалася жыццёвая беларуская гаворка. Яе не выкладалі — ёй жылі.
— Вы пасля школы выбралі журналістыку. Там як з гэтым?
— Занесла ў «Гомельскую праўду». Назва наша, а тэксты амаль усе па-руску. Толькі я ўжо не мог змяніцца. Мова засталася ўва мне, як кроў у венах.
Мова для мяне не зброя і не сімвал, а натуральны стан
— У другой палове 1980-х вы былі сярод тых, хто ствараў «Талаку», «Тутэйшых». Рухала энергія маладосці — ці ранняе ўсведамленне, што без роднага слова няма нацыі?
— Студэнтамі вывучалі замежныя (польскую, балгарскую) і здзіўляліся: у іх усё на роднай мове. Газеты, тэлебачанне, вуліцы. А ў нас — няма. Гэта балела. І быў прыклад — Анатоль Сыс, фактычна факел. Гаварыў толькі па-беларуску і пад’ялдыкваў іншых: «Што, абмаскаліліся?» Настойліва вяртаў нас да сябе. Гэта быў першы крок да ўсведамлення: мы — не прыдатак, а народ.
— А было адчуванне, што краіна прачынаецца?
— Так. Памятаю, як мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР: пасля вырашальнай гульні людзі валам валілі на вуліцы і ў тых шчаслівых натоўпах раптам пачуліся беларусамі. Гэта нейкі сігнал... Нават штуршок: мы, гомельскія студэнты, пачалі хадзіць пешкі праз палову краіны, спыняліся ў вёсках, глядзелі старыя цэрквы... Вось яна, нашая зямля!
— Як выглядалі вандроўкі: выбар маршруту, што бралі з сабой, як прымалі людзі?
— Пачулі пра нейкую цікавую вёску: ага, давайце туды па песні! І з вялікім бабінным магнітафонам — да нейкай бабулі-пявунні. Тая адразу аднекваецца, далей для смеласці кліча суседак. Сядалі ў хаце і пачыналася магія... Словы забудуцца — пасмяёмся разам, яны ўсё наноў. Гэта як адкрыць крыніцу.
Мова там жывая, з украінскімі адценнямі, але ўсё роўна нашая: смачная, вострая, трапная. Мы рабілі рукапісныя слоўнікі, натавалі сок, які дапамагаў расці ў паэзіі.
Хоць вершы я пісаў яшчэ са школы, але пасля такіх урокаў у іх з’явілася натуральнае дыханне, а не проста штучная вентыляцыя лёгкіх. Фальклор, жывая гаворка зрабілі маю паэзію больш спелай. Урок ад народу!
— Далейшы ўдзел у стварэнні ТБМ — цалкам свядомае дзеянне?
— Арганізатары ведалі, што я не проста беларускі настаўнік з глыбінкі, але пішу, актыўнічаю, вось і запрасілі ў Мінск. А там Бяляцкі, людзі, якім не ўсё роўна — адразу адчуванне сябе часткай руху. Значна пазней, у працяг, былі цікавыя праекты з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, арганізацыя паэтычнага свята ў Гарошкаве ў гонар Анатоля Сыса, удзел у працы беларускага ПЭНа, дзе я браў удзел у журы прэміі «Кніга года», удзел у пэнаўскай імпрэзе «Нельга забіць: смяротнае пакаранне і беларуская літаратура». Усё гэта грунтавалася на беларушчыне і было вельмі натуральна.
— Калісьці мова была знакам прыналежнасці, потым — сродкам супраціву. А цяпер чым?
— Спосабам быць сабой. Не зброяй, не сімвалам, а натуральным станам. Калі сям’я гаворыць па-беларуску, калі дзеці на ёй — гэта і ёсць жыццё. Я ніколі не думаў, што можа быць інакш.
— Чуў, знаходзіце беларускія слоўцы нават у літоўцаў, сярод якіх цяпер.
— У нас агульная гісторыя. «Дзякуй», «вавёрка» — шмат такога падобнага... Мова не мяжуе, яна злучае.
— Школьныя ўрокі — адно, а гаварыць па-беларуску проста ў побыце ці ў публічнай прасторы? Асабліва на першых парах?
— Гэта патрабавала нават пэўнай мужнасці. Часам тое нібы гульня: праверка сябе, сваіх нерваў. Напрыклад, у войску: вакол азербайджанцы, украінцы, эстонцы. Кожны меў сваю гаворку, але беларуская ўспрымалася нечым дзіўным. Калі я, каравульны, прамаўляў па-нашаму, афіцэры адразу: «Гэта не язык службы!» Савецкі шавінізм працаваў без збояў.
Але нават там я не змоўк. У мяне былі беларускія кнігі, часопісы: «Маладосць», «Полымя», іншыя. Дасылалі з радзімы цэлымі бандэролямі. Мы з сябрамі чыталі, перадавалі ад рукі да рукі. Калі сыходзілі з войска, пакінулі пасля сябе невялікую бібліятэку. Каб навабранцы-беларусы мелі што чытаць. Нашае салдацкае змаганне.
— Ваша малая радзіма — Пракісель, пазней Заспа над дняпроўскай кручай. Месца, дзе зямля, вада і чалавек непадзельныя. Паўплывала палеская прырода на светапогляд, паэзію?
— Тыя пейзажы ў маёй крыві. Вялікі, паўнаводны вясновы Дняпро разліваўся да самых хат. Свет абрываў, водбліскаў і прастораў, якія не забываюцца.
Не толькі мной. Там зусім побач па беразе жыў паэт Віктар Ярац, непадалёк і Віктар Стрыжак, за ракой — Нэлі Тулупава, крыху далей і трошкі пазней з’явілася і моцна заявіла пра сябе Наста Кудасава. Усе яны людзі, у якіх Дняпро зрабіўся часткай душы. Ён не плёскаецца, не цячэ, а стварае мысленне: вучыць спакою, прастору і глыбіні.
Бяляцкі мысліў не эмоцыямі рэвалюцыі, не жаданнем рэваншу, а рацыянальна раскладаў будучыню
— У свой час Алесь Бяляцкі пісаў пра вас, цяпер вы рыхтуеце кнігу пра яго. Маральны доўг — ці працяг сяброўства?
— Без Алеся я не быў бы тым, кім стаў. Нас пазнаёміў гомельскі ўніверсітэт, затым два гады ў салдацкіх ботах атрымліваў ад яго з Мінска паветра свабоды. Ён заўсёды быў першым рэцэнзентам, вельмі шчырым і бескампрамісным: «Гэта дрэнь, а вось тое добра». Фармаваў мяне і як паэта, і як чалавека. Хіба магу не вярнуць доўг? Кніга — мой спосаб сказаць яму дзякуй. Яна пра тое, як сталела нашае пакаленне.
Дарэчы, Бяляцкі шмат зрабіў для беларускай культуры ў цэлым. Яго манаграфія «Літаратура і нацыя» — адна з найглыбейшых у краіне. Гэта яго сапраўдны маніфест: як бачыць Беларусь праз культуру і гісторыю.
— Сёння Алесь у Горках, вы ў Вільні, мы ўсе — раскіданы па цэлым свеце. Ці адэкватна ацаніла гэты подзвіг нацыя, дзеля якой ён пайшоў на асэнсаваную пасадку?
— Алесь глабальны чалавек, аднак гэта, баюся, разумеюць далёка не ўсе. Большасць нават не ўяўляе маштабу асобы. Яго дзейнасць не абмяжоўвалася межамі Беларусі — ён быў чалавекам міжнароднай адвакацыі, голасам краіны ў свеце. Праз яго гучала Беларусь. І тое, што ён цяпер у няволі, вялікая страта не толькі для нас, але і для глабальнай супольнасці.
— Вы часта згадваеце побач з Алесем Бяляцкім яшчэ адну постаць — паэта, свайго земляка Анатоля Сыса. І ў вас ёсць твор пра яго. Кніга-прысвячэнне?
— Тая асаблівая форма не прэтэндуе на аб’ектыўнасць — дыхае асабістым. Гэта не сухая манаграфія, як у Андрэя Мельнікава, якая, скажам шчыра, не атрымалася. Я згадваў чалавека, які быў не толькі паэтам, але і жывой стыхіяй. Хоць шмат пісаў пра яго ў розныя часы, але кожны раз адчуваю: не ўсё выказаў.
— Пра яго гавораць як пра геніяльнага, але разбуранага чалавека. Спірт у крыві і ў жыцці?
— Універсітэцкія гады — зусім іншы Сыс. Не піў, мог гадзінамі гаварыць пра літаратуру. Мы ў бар, ён: «Дурні, бярыце лепш кнігу!» Потым войска, праца ў веткаўскай раёнцы — усё строга, дысцыплінавана. Але калі пераехаў у Мінск і пасябраваў са славай, нешта ў ім пераламалася.
Анатоль не змог перасягнуць самога сябе, застаўся ў палоне ўласнага міфа. І ўсё ж ён быў вельмі сціплы і чалавечны. Калі прыязджаў у нашую вёску, казаў пра маю матулю: «Мая другая мама». Заўсёды заставаўся хатнім, нягледзячы на легенду вакол сябе.
— Калі вы сёння азіраецеся на сваё пакаленне — хлопцаў і дзяўчат, што ішлі побач, на іх шлях і справы, кім бачацца з цяперашняй оптыкі? Ідэалістамі — ці палітычнымі рэалістамі?
— Людзі былі розныя, але большасць — ідэалісты. Якія верылі ў сілу культуры, у магію дзеяння без улады. Але ўсе пры справе, а не збоку: нехта пісаў, хтосьці проста падвозіў дошкі, каб аднавіць храм. Ганарымся: першая «Талака» з’явілася не ў Мінску, а ў Гомелі. Наш горад стаў той глебай, дзе ўсё пачалося. Да старту спрычынілася шмат і вядомых зараз людзей, і тых, каго мала хто згадвае. Сяргей Дубавец, Тацяна Сапач, мае ранейшыя гомельскія сябрукі і сяброўкі — яны ўсе былі побач.
— Савецкія завядзёнкі яшчэ тармазілі — ці старыя калодкі ўжо пачыналі дыміцца?
— Гарбачоўская адліга: машыну пачало несці. Талакой прыбіралі занядбаныя цэрквы, аднаўлялі помнікі. Не з дазволу, не па загаду: проста хацелі прывесці ў парадак тое, што развальвалася. У Валатаве альпіністы лазілі па сценах старога храма і нішчылі фрэскі, а мы прыйшлі і зрабілі прыборку. Усталявалі шыльду. Займаліся канкрэтыкай. Нічога гучнага, ніякай палітыкі — проста патрэба дыхаць мовай, быць людзьмі сваёй зямлі.
Мы сустракаліся амаль кожнага дня. «З працы забягу на агеньчык, вып’ем кавы, пагаворым, паплануем, што далей». Так ішло жыццё. Наіўныя, маладыя, з галавой у небе. Дубавец казаў: «Кіну працу, буду жыць творчасцю». І сапраўды кінуў. Праіснаваў так тры месяцы, пакуль пустая кухня не нагадала, што няма чым карміць сям’ю. Але ўсё адно гэта пакаленне, якое хацела быць чыстым.
— Пасталелі, аднак з будзённасцю размінуліся. Наадварот, сталі асновай грамадзянскай супольнасці, якой Беларусь цяпер трымаецца.
— Абсалютна дакладна: звычайныя маладзёны выраслі ў асобаў і далі штуршок усёй маладой краіне. Іх ідэі дапамаглі адрадзіцца іншым. Мы былі адзінкамі, цяпер іх сотні. Памятаю, як збіраліся ў Кушлянах, у доме Багушэвіча. Усе з розных гарадоў, але ўжо як каманда. Камандныя каманды, камандныя словы: «крокам руш», «шыхтуйся». Гэта было не проста свята, а школа патрыятызму. Там мы вучыліся быць беларусамі не па дэкрэце, а па крыві, па пачуцці.
Сёння свой дом будуеш з сяброўства, памяці і надзеі. Збіраеш, як з канструктара
— Маеце кнігу паэзіі «DOM». Што ён сёння для вас: месца, мова ці людзі?
— Дом — гэта там, дзе ўтульна і не страшна. Тое месца, дзе побач сябры і можна дыхаць вольна. Сутнасць у гэтым, хоць у розных мовах тое слова мае розныя сэнсы: ад турмы да падарунка. І ўсё праўда! Калі няма фізічнага дома — будуеш яго з таго, што маеш: з сяброўства, з памяці, з надзеі. Збіраеш, як з канструктара. І атрымліваецца тваё месца, нават калі яно ўвесь час рухаецца разам з табой.
— Украіна: Львоў, Чарнігаў, Жытомір, Херсон — гарады, куды вас кідала і ў якіх вы выступалі. Чым былі для вас гэтыя ўрокі міру, вайны і волі?
— Украіна адкрыла мне іншае дыханне. Я там убачыў свабодных людзей — без рамак, страху і прымусу. Творчасць, слова, жыццё — усё натуральнае, лёгкае. Я ж пасля Расіі трапіў у гэтае святло, і мне здавалася, што ад вольнасці можна ап’янець. У РФ хаваўся: без пашпарта, пад наглядам, пісаў ноччу, як падпольны аўтар. Вершы цёмныя, цяжкія, поўныя роспачы. А ва Украіне — усё інакш. Неба і зямля. Там пісаць хацелася. І не толькі пра сябе, а пра радзіму, яе культуру і дух.
У Львове я меў трохгадзінны выступ. Людзі слухалі не столькі вершы, колькі Беларусь. Іх цікавіла, хто мы, што з намі. Яны разумелі: паэзія можа быць формай сведчання. Аднак многіх з тых, хто сядзеў у першым шэрагу, ужо няма — маладыя і таленавітыя, яны загінулі на вайне. Дастаю з памяці іх твары і разумею: найлепшыя сыходзяць за свабоду. Гэта для мяне ўрок. Трэба аддаваць сябе цяпер — Беларусі, людзям, жыццю.
— І ўсё ж украінцы часта іранізуюць: ваш 2020-ы — бяскрыўдная сцэна: шарыкі, лавачкі, кветачкі... Як адбіваліся ад стэрэатыпнай лухты?
— Кожны народ праходзіць сваю дарогу да свабоды. Мы розныя ў спосабах супраціву. Але аднолькавыя ў сваёй чалавечай годнасці. А пасміхаюцца і нават балюча колюць, бо проста не ў курсе. Не разумеюць гісторыі сваіх суседзяў, што і як было, не ведаюць нашай цаны. Але гэта — зусім не агульны падыход. Стаўленне інтэлігенцыі, культурніцкіх людзей ва Украіне да Беларусі вельмі добрае. Жывучы ў Чарнігаве, я не раз чуў: «Наш беларус ідзе». Не «іхні», не «той з Беларусі», а — наш. Вельмі кранальна.
— Жыццё ва Украіне яшчэ да вайны для камунікатыўнага чалавека азначае пашырэнне сяброўскага кола. Цяпер тыя цёплыя стасункі падтрымліваюцца?
— Тады шмат удзельнічаў у фестывалях, выступаў у Жытоміры і Луцку, Львоў ведаў мяне як свайго. Гэта давала адчуванне дому.
А цяпер, калі так любяць дзяліцца на «нашых» і «ворагаў», атрымаў дзіўны досвед. Перакладаў вершы пяці луцкіх паэтаў, з якімі сябраваў шмат гадоў. Хацеў надрукаваць у беларускім часопісе. Звярнуўся да старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў: «Дайце, калі ласка, кароткія біяграфіі і фотаздымкі аўтараў». Адказвае: «Вось гэты дазволіць, а яна — ні за якія грошы... Да тых не падступай — яны на вас крыўдзяцца».
— І што рабіць, калі вакол столькі крыўды, а справа патрабуе даверу?
— Давялося зняць з сябе карону. Звярнуцца ўсё ж да кожнага і пагаварыць асабіста. Бо ведаюць як чалавека. І ўсё роўна некаторыя адмовілі: «Цябе паважаем, але не хочам, каб нашыя вершы друкаваліся па-беларуску. Вы цяпер ворагі».
Гэта балюча. Але я не крыўдую, а жыву з гэтым. І яны, і мы — людзі, што прайшлі праз боль і яшчэ шукаем свой дом.
— Што засталося галоўным пасля ўсіх гэтых маршрутаў і выпрабаванняў?
— Жылі, жывём і будзем жыць. Працавалі і будзем працаваць. Годнымі як былі, так і застанёмся. Беларусы маюць вялікую гісторыю — і не страцім яе. Гляджу ў Вільні на дзяцей, што вучацца ў літоўскіх школах, але па-беларуску спяваюць, ладзяць імпрэзы, збіраюцца разам. Яны не бачылі разгонаў, не сядзелі ў турмах, але ў іх унутры — Беларусь. Гэта парасткі. Маладыя, жывучыя, нязломныя. Веру, што яны дачакаюцца свайго часу. І стараюся рабіць усё, каб гэта здарылася хутчэй. Бо інакш навошта ўсё астатняе?
Поўная версія інтэрв’ю змешчана ў зборніку «Голас пакалення свабоды».
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.