Сярод затрыманых сёньня на акцыях пратэсту — 16 журналістаў і два філёзафы
2020-10-04 22:40
Сьпіс затрыманых на акцыях пратэсту 4 кастрычніка ў Беларусі, які прыводзіць праваабарончы цэнтар «Вясна», ужо налічвае больш за 170 асобаў (сьпіс абнаўляецца).Як паведамляюць праваабаронцы, людзей затрымлівалі ў Менску, Берасьці, Бабруйску, Гомлі, Горадні, Магілёве. Апошнім часам у ліку затрыманых шмат журналістаў.
Сярод затрыманых — філёзафы, муж і жонка Аляксандар Адамянц і Вольга Шпарага. Аляксандар — дырэктар Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў, Вольга — кіраўніца дасьледчага праекту «Сучаснае грамадзтва, этыка і палітыка», сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
Таксама затрыманыя 16 журналістаў:
у Менску — Аляксандар Уладыка (onliner.by, фотакарэспандэнтка), Дар'я Сапранецкая, Алег Шапялюк («Белорусы и рынок»),
у Горадні — Екацярына Гардзеева («Народная Воля»), Вольга Камягіна (Tut.bу)
у Віцебску – Тацяна Мацьвеева (журналіст TUT.by і БелаПАН), Алесь Пілецкі (журналіст TUT.by і «Народнай Волі»), рэдактар «Народных навінаў Віцебска» Сяргей Серабро.
у Бабруйску — Алеся Лацінская і Юры Камісараў (bobr.by), Дзяніс Носаў (БелаПАН) і Марына Малчанава (Белсат),
у Магілёве — Аляксандар Асіпцоў (БелаПАН),
у Берасьці — Ксенія Пятровіч (галоўны рэдактар выданьня «Бинокль»), Алег Палішчук («Брестская газета»),
у Гомлі — Надзея Пружынская («Сильные новости»).
Большасьць зь іх пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі з РУУСаў, але 5 чалавек засталіся ў ізалятарах да суду па адміністрацыйных працэсах: гэта чатыры бабруйскія журналісты (Алеся Лацінская, Юры Камісараў, Дзяніс Носаў, Марына Малчанава) і гомельская журналістка Надзея Пужынская. Меркавана, усіх будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях, паведамляе БАЖ.