Сяргей Ціханоўскі: Беларусы хочуць зменаў
2020-05-24 23:29
У Менску каля Камароўскага рынку адбыўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага, ініцыятыўную групу якога Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў.
Таксама пікеты праводзілі Уладзімір Няпомняшчых з пратэстнай каманды Міколы Статкевіча, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. Яны подпісаў не збіралі, а агітавалі людзей далучацца да назірання за выбарамі. Ланцуг людзей, якія прыйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую, расцягнуўся на паўкіламетра і за некалькі гадзінаў нават павялічыўся. Тысячы людзей сустракалі Сяргея Ціханоўскага, які прысутнічаў на пікеце, воплескамі.
Сваю нечаканую папулярнасць і падтрымку сам блогер тлумачыў тым, што людзі хочуць зменаў да лепшага ў краіне, яны стаміліся ад ілжы і жадаюць праўды:
– Мы ўжо пачалі ездзіць па краіне, вельмі шмат людзей захацела даць інтэрв’ю, распавесці пра свае праблемы, людзей пачало прыходзіць усё больш і больш, улада спужалася і пасадзіла мяне ў турму. А потым таксама спужаўшыся, адпусціла. Гэта агонія проста. У мяне такое ўражанне, што там ніхто нічым не кіруе, а проста затыкаюць дзіркі, калі ўзнікаюць якія праблемы. У любы горад, куды мы прыязджаем, даём анонс некалькі гадзінаў толькі – і ўжо сотні людзей выходзяць. Гэта не ў інтэрнэце прыхільнікі. Беларусы хочуць зменаў.
Як сказаў Сяргей Ціханоўскі, галоўнай яго задачай ёсць спроба дабіцца сумленных выбараў, без чаго мірныя перамены немагчымы. «Нам патрэбен сумленны і выбраны, а не прызначаны парламент, нам патрэбны сумленныя суды, нам патрэбна мясцовае самакіраванне і шмат іншых зменаў» – кажа Сяргей Ціханоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org