Сёлета беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org спаўняецца 25 год, і адна з выдавецкіх навінак праекта – зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва «Камедыя Юдзіфі». Мы паразмаўлялі з аўтарам пра беларускія кнігі і беларускі тэатр, пра Менск і Люблін, казкі і жыццё.
Сустрэча п’ес з чытачамі ў вобразе кнігі або з гледачамі ў вобразе спектакля – што важней для аўтара?
- Для драматурга спектакль важнейшы, чым кніга. У спектакля большая аўдыторыя. Некаторыя спектаклі паводле маіх п’ес паказваліся больш за 100 разоў, а ў тэатральнай зале, звычайна, каля 200 месцаў. Але кніга вельмі важная для даследчыкаў, тэатральных крытыкаў і такіх дзівакоў, як я альбо як быў мой сябра Пятро Васючэнка – мы з дзяцінства любілі чытаць п’есы. Напэўна, у наш крызісны для тэатра час з-за недаступнасці многіх спектакляў роля кнігі ўзрастае. На прыклад, ужо не пабачыш спектаклі “Шляхціц Завальня” альбо “Таямніца старой ратушы”, а ў зборніку можна прачытаць гэтыя п’есы.
Вашы п’есы ставіліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі… На падставе п’есы "Камедыя Юдзіфі" экспэрымэнтальны спектакль зладзілі "Вольныя Купалаўцы"… Як вы ставіцеся да будучыні беларускага тэатра – у Беларусі і за мяжой? Ці ёсць у яго будучыня ўвогуле?
- Будучыня ёсць – пакуль верыш у гэтую будучыню. Але найбліжэйшы час для беларускага тэатра – вельмі цяжкі: у Беларусі жорсткая цэнзура, спісы забароненых аўтараў, эміграцыя творцаў. Цудоўна, што беларускі тэатр жыве і развіваецца ў эміграцыі (пасля 2020 г. у розных краінах пастаўлена некалькі дзесяткаў беларускіх спектакляў!), але ў невялікіх тэатральных студый у эміграцыі не такія магчымасці, як у прафесійных тэатрах на Бацькаўшчыне.
Ці засталося штосьці жывое ў тэатральнай культуры сучаснай Беларусі ва ўмовах цэнзуры? Як можна ахарактэрызаваць сітуацыю вакол Рэспублiканскага тэатры беларускай драматургii, з рэпертуару якога зніклі амаль усе знакавыя пастаноўкі?
- Безумоўна, засталося: людзі, якія любяць тэатр і працуюць у ім. Рэжысёры, мастакі, акцёры. Ды і гледачы таксама. Але ім вельмі цяжка рабіць нешта жывое, творчае ў гэтых умовах. Галоўны трэнд у беларускіх тэатрах пасля 2020 г. – пастаноўкі расійскай класікі, часам, з дапамогай запрошаных расійскіх рэжысёраў. Амаль усе сучасныя беларускія драматургі альбо апынуліся ў спісках забароненых аўтараў альбо ўвогуле мусілі пакінуць Беларусь. Пасля таго, як купалаўская трупа сышла з тэатру ў знак пратэсту супраць гвалту, РТБД заставаўся важнейшай сцэнай краіны і нейкі час нібыта даказваў, што можна рабіць выдатныя спектаклі ў Беларусі насуперак усяму (маю на ўвазе пастаноўкі Яўгена Карняга і Кацярыны Аверкавай). Але вось звольнілі некалькі актораў па палітычных матывах – і ад гэтых спектакляў нічога не засталося, а замяніць іх няма чым.
У п’есе “Шляхціц Завальня” ёсць такія словы: “Усё, што ў іншых краінах апісваецца ў кнігах, у нашым краі можа здарыцца насамрэч!” Што з падзей нашага часу магло б праілюстраваць такую думку?
- На жаль, у наш час здараюцца праважна рэчы, апісаныя ў антыўтопіях, такіх як “Краіна Хлудаў” Алега Мінкіна і Віктара Галкова, “Там, дзе нас няма” Макса Шчура, “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча.
Вы пачыналі свой творчы шлях з вершаў і казак. Сюжэт якой казкі мог бы распавесці пра тое, што з намі, беларусамі, адбываецца цяпер?
- Сюжэт казкі “Пясчаны замак” са зборніка “Мэва”. Маленькая істота Пясчанік будуе на беразе мора пясчаныя замкі для таямнічых Жыхароў, у існаванне якіх свята верыць. Але раптам з’яўляецца Зграя, якая пераконвае Пясчаніка, што ніякіх Жыхароў не існуе, руйнуе ягоныя замкі і заклікае далучыцца да іх, каб разбураць створанае іншымі. І толькі сустрэча з Вапнінкай і Гліннікам дазваляе Пясчаніку зноў паверыць у сваю справу і перамагчы Зграю.
Што ў нашы дні дапамагае пісаць?
- Прыклад іншых людзей, іх любоў да сваёй працы, адданасць ёй. Пасля 2020 г. і асабліва пасля 2022 г. мне не хацелася пісаць, выдаваць кнігі, займацца тэатрам. Але нядаўна мяне ўразіла навіна, што ў Адэскім тэатры лялек у верасні 2024 г. паставілі спектакль паводле маёй п’есы “Шлях да Батлеему”. На Адэсу ляцяць расійскія ракеты і дроны, а людзі ставяць казачны спектакль, на які прыходзяць маленькія гледачы. Мне зрабілася сорамна за свой песімізм. Магчыма, таму я і вырашыў выдаць кнігу “Камедыя Юдзіфі”, дзе сабраныя п’есы, напісаныя ў 2016-2020 гг. Цяпер працую над манаграфіяй “Беларуская літаратура перыяду трансфармацыі: абрысы замглёнага краявіду”, якую спадзяюся выдаць у гэтым годзе. Дарэчы, прыклад нашых беларускіх выдавецтваў, якія плённа дзейнічаюць у Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі, Вялікабрытаніі, таксама натхняе на працу.
Цяпер вы жывеце ў Польшчы горад Люблін. Якое вашае любімае месца ў Любліне і задно ў Менску ці шырэй – у Беларусі?
- У Любліне – вулкі Старога горада і дубовы гай над Зэмбажыцкім залівам, у Менску – той цэнтр, дзе прайшла студэнцкая і аспіранцкая маладосць на філалагічным факльтэце БДУ і дзе знаходзяцца тры важнейшыя для мяне тэатры: Купалаўскі, ТЮГ, РТБД. З беларускіх гарадоў я вельмі люблю Магілёў, дзе нарадзіўся, і Гародню, дзе жыве некалькі маіх сяброў і дзе ў старым будынку тэатра Тызенгауза месціцца Гродзенскі тэатр лялек – адзін з лепшых у свеце. Прынамсі раз на год я наведваю Вільню, дзе адчуваецца подых гісторыі і блукаюць прывіды Вялікага княтва Літоўскага, пра якое я напісаў некалькі навуковых кніг. З еўрапейскіх гарадоў найбольш прываблівае мяне маленькая Равэна, былая сталіца таямнічай імперыі вестготаў, дзе над сучасным італьянскім горадам лунаюць сны пра Візантыю.
Як даўно супрацоўнічаеце з Камунікатам?
- Супрацоўнічаю ўжо вельмі даўно. І вельмі даўно ведаю Яраслава Іванюка, таму і звярнуўся менавіта да яго ў справе выдання “Камедыі Юдзіфі”. У бібліятэцы Камуніката змешчана з пятнаццаць маіх кніг, выдадзеных на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у Беларусі і ў Польшчы. Лічу, што бясплатная электронная бібліятэка беларускай літаратуры і перыёдыкі -- вельмі важная і патрэбная справа. Карыстаюся ёй і як чытач, і як даследчык-літаратуразнаўца.
Дзякуй за рамову!