- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На працу сяржант разбудзіць. Змаганне дзяржавы з нядбайнымі бацькамі працягваецца з пераменным поспехам. У нашым раёне з 56 абавязаных асоб 47 удалося ўладкаваць на працу. Гэтак званыя гора-бацькі павінны працаваць пад прымусам рэпрэсіўных органаў – у дзяржавы не хапае сродкаў для утрымання дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забяспячэнні. На сённяшні дзень утрыманне аднаго дзіцяці абыходзіцца дзяржбюджэту 200 тысяч рублёў у месяц. Але, па ўсяму відаць, што адных строгіх мераў недастаткова. Як паказала практыка, акрамя дзяцей, цяпер даводзіцца браць пад апеку і нядбайных бацькоў. Ва ўмовах эканамічнага крызісу шмат праблем з працаўладкаваннем узнікаюць у добрасумленных грамадзян. Шумілінскі раён невялікі, колькасць працоўных месцаў абмежавана. А для абавязаных асоб браніруюцца месцы на “прэстыжных” прадпрыемствах: райспажыўтаварыства, Обальскі керамічны завод, льнозавод. Толькі працаваць нядбайныя бацькі не спяшаюцца. І сапраўды, як будуць працаваць такія людзі на прадпрыемствах, калі яны забылі нават пра ўласных дзяцей? Заганныя з’явы: алкагалізм і прагулы нікуды не падзеліся. Тых, хто сам раніцай не можа прачнуцца “пасля ўчарашняга”, будзіць участковы міліцыянер і праводзіць да месца працы. Аднак ад работнікаў, дастаўленых на работу пад прымусам, мала карысці. П’яныя яны ці цвярозыя, альбо зусім кінулі піць: па ўсяму відаць, што прадпрыемству яны не патрэбны. Абавязаныя асобы ў пераважнай большасці – гэта люмпенізаваная частка насельніцтва.