- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На тое яны і абяцанкі, каб іх не выконваць. Напрыканцы чэрвеня ў аграгарадок Амбросавічы завітаў адзін з кіраўнікоў вышэйшых эшалонаў прэзідэнцкай вертыкалі – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Віцебскай сельскай акрузе № 21 Васіль Міхайлавіч Байкоў. У сельскім Доме культуры адбылася сустрэча дэпутата з выбаршчыкамі. У клуб былі запрошаны кіраўнік сельгаспрадпрыемства СВК “Прыазёрны” В. В. Юхнавец, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Мядзвецкі, дэпутат Дабейскага сельсавета М. П. Ліскоў, рэдактар раённай газеты “Герой Працы” Аліна Пятрова. Галоўным пытаннем, якое набалела не толькі выбаршчыкам, але і раённым уладам, была праблема ацяплення шматпавярховых дамоў у вёсцы Амбросавічы. Гэтыя дамы дзесяць гадоў таму належалі калгасу, былі падключаны да калгаснай кацельнай. Калі калгас па-сутнасці разваліўся і трапіў пад узбуйненне, дамы перадалі на баланс УП ЖКГ. Кацельня на той час ужо прыйшла ў заняпад, а грошай на яе рэканструкцыю не выдзелілі. Тады мясцовая адміністрацыя не прыдумала нічога лепшага, як дазволіць жыхарам шматпавярховак будаваць ў кватэрах грубкі. Людзі, каб не замерзнуць, пачалі ратавацца ад холаду. Будавалі з цэглы грубкі: ламалі ў кватэрах сцены, прабівалі столь - трэба ж было некуды выводзіць дым. Але такое ацяпленне аказалася малаэфектыўным: колькі дроў не спальвай, усё роўна вышэй 12-14 градусаў тэмпература ў кватэры не падымалася – дом стары, панэльнага тыпу, складзены яшчэ ў пачатку 80-х гадоў.