Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спэцназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спэцыяльных апэрацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнаньняў самога Гаўрылава, менавіта ягоны стрэл зь пісталета Макарава стаў сьмяротным для Шутава.
Дачка забітага
Анастасія Баранчук, якая абараняла загіблага бацьку ў судзе, не хавае расчараваньня такім выракам суду. Яна сказала, што спадзявалася на апраўдальны вырак, але гэта «так і засталося спадзяваньнямі». Яна ўпэўнена, што прысуд быў вядомы судзьдзі заранёў.
Сястра асуджанага Кардзюкова —
Марыя Парыйчук — назвала суд «цыркам».
«Судзьдзя дрыготкім голасам зачытала вырак... Як яны далей зьбіраюцца жыць, я ня ведаю. Адзіным прафэсіяналам у гэтым судзе быў наш адвакат. Мяркую, ім самім сорамна за гэты прысуд, але... Страх перамагае».
Трымценьне рук бачыў і праваабаронца Раман Кісьляк, які прысутнічаў на судзе. Ён згадаў просьбу пракурора Бурага ўдзельнічаць у спрэчках седзячы па гэтай прычыне. Кісьляк апісаў суд як спробу сьледаваць спаборніцтву старон, аднак паседжаньне «не адпавядала крытэру незалежнасьці».
Што адбылосяБерасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту з двума асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.
Пасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА № 1 Менску і абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Празь некалькі месяцаў абвінавачаньне Кардзюкову перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 139 КК — «замах на забойства».
Што стала вядома падчас суду На судзе назвалі імя забойцы Генадзя Шутава.
Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне пратэстаў.
Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
Працэс быў адкрытым, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвердзіў словаў вайскоўцаў.