Сустрэча народных дэпутатаў у Гародні
2020-09-02 18:17
Ініцыятыва па сустрэчы народных дэпутатаў усіх роўняў праходзіць у Гародні.
Першы этап – намаганне сустрэчы з дэпутатам і яго справаздача выбарцам знайшла канструктыўную падтрымку ў дэпутатаў мясцовага ўзроўню. Бо крызіс праўнай сістэмы, якая праяўляецца ў фальсіфікацыяй выбараў, гвалтам над асобай, і ўвогуле ламаннем правоў і свабодаў грамадзянаў, якія пазначаны ў асноўным законе краіны, змусілі людзей спрабаваць самім развязаць гэта сваімі метадамі.
Кажуць гарадзенкі, якія ўзяліся за справу арганізацыі сустрэчаў з дэпутатамі.
РР: Які матыў быў для вас у прыняцці рашэння прасоўваць ідэю пра сустрэчу з дэпутатамі?
Наста: Пайшла на справу збору подпісаў для арганізацыі сустрэчы з дэпутатамі, патрабаванні іх справаздачы за тое, што яны зрабілі ў той перыяд, як яны з’яўляюцца дэпутатамі – прадстаўляюць нас у мясцовых і нацыянальных органах, дзеля таго, каб знайсці паразуменне паміж уладай і людзьмі. Таму што мне не падабаецца тое, што мяне лічаць „СКАТОМ”, „КРЫСОЙ”, „ОВЦОЙ” і гэтак далей. Я хачу законна дамагчыся сваіх правоў! І каб я была пачута, каб мяне зразумелі, каб да мяне ставіліся, як да ГРАМАДЗЯНІНА краіны.
Вікторыя: Таксама абурана той сітуацыяй, якая створана. Тым гвалтам, беспраўем і грэблівым стаўленнем да грамадзянаў Беларусі, у тым ліку і мяне, як грамадзянкі Рэспублікі Беларусь. Канешне, хачу нейкіх станоўчых зменаў. Каб органы кіравання выйшлі на дыялог з намі, сваім народам. Адказалі на тыя пытанні, якія смокчуць сумленне кожнага. І ўрэшце, прыйшлі да кампрамісу, станоўчаму выніку. Бо жыць у такіх варунках немагчыма.
Арына: Паколькі я сацыёлаг, то буду размаўляць пра свае матывы, як сацыёлага. Ёсць два тыпы мабілізацыі ў інтарэсах супольнасці: пратэсная мабілізацыя і праўная мабілізацыя. І вось, калі з’явілася гэтая ідэя, адхіляць дэпутатаў, то я палічыла, што гэта вельмі падобна на такую, нармальную праўную мабілізацыю, што мы ў межах праўнага поля можам працаваць. Што мы, максімальна, як толькі магчыма будзем выкарыстоўваць права ў сваіх інтарэсах і мэтах, каб нешта змяніць у краіне. І таму гэта стала моцным матывам для мяне асабіста. Я не была ініцыятарам, але даволі хутка далучылася да тых, хто ініцыяваў гэта і шукала ініцыятыўных людзей.
Наста: Пасля выбараў мы бачылі, што нашы мясцовыя ўлады, трошкі ідуць да нас. Паразмаўляць, і на пляцы, і запрашалі да сябе ў кабінеты, каб паразмаўляць над пытаннямі, якія паўсталі. А потым – адвярнуліся ад усяго, што наабяцалі і нават прынялі рашэннем. І таму вырашылі мы, што калі маем нейкую надзею, праз законы, якія ў нас не добра працуюць, але ўсё ж такі. Будзем спрабаваць такім чынам дамагчыся сваіх правоў. Зацікаўленасць людзей – шырокая. Размаўлялі са сваімі суседзямі, сябрамі, і вельмі шмат хто хоча ініцыяваць сустрэчу з дэпутатамі. Выказаць сваё меркаванне яму, каб быць пачутым. Шмат людзей, якія проста прыходзяць паставіць свой подпіс, кажуць: а давайце я яшчэ прайдуся па сваіх суседзях, па сваіх знаёмых? Я пачала збіраць подпісы за сход па 49-й Занёманскай акрузе. Усё больш і больш людзей імкнуцца дапамагчы ў гэтай ініцыятыве. Але ёсць шмат людзей, якія не хочуць нават размаўляць на гэтую тэму. Нават тыя, каго я ведала раней. Шмат запалоханых зараз. Прычым, гэта не тыя людзі, каго збілі, якія адсядзелі содні, атрымалі штрафы. Гэта шмат людзей, якія бачаць падзеі з манітораў сваіх кампутараў. Тэлебачанне, я лічу, зусім не шмат хто зараз глядзіць.
РР: Ці не распускаеце вы сваімі акцыямі канцэнтраваны супраціў узурпатару і яго „людзям чорных формах” супраць мірных грамадзянаў?
Арына: Я не лічу, што гэта акцыя расцярушвае пратэсныя сілы ў Беларусі. Гэта будаўніцтва цывільнага грамадства. Разуменне таго, што ёсць людзі, якія гатовыя спрабаваць нешта новае. Бо немагчыма навучыцца дэмакратыі, стаячы на беразе. Трэ’ паплыць у дэмакратыю. Трэба спрабаваць змагацца за свае правы выбарца, на самым малым узроўні. Мы не пачынаем адразу з працэдуры адхілення дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Мы пачынаем з ініцыявання сустрэч з дэпутатамі ўсіх роўняў: гарадскога, абласнога. А таксама збіраем, на падставе закона „аб статусе дэпутата”, сход з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Перад тым, як адхіляць. Таму што нельга адхіляць дэпутата – чалавека, якога ты нават не ведаеш, ці ведаеш толькі па яе пісьмовых праграмах. Выбары летась хутчэй за ўсё не адбыліся, бо выбаршчыкі проста не з’явіліся на ўчасткі. Яны былі таксама сфальсіфікаваны. На той момант не было такой мабілізацыі назіральнікаў, і мы гэтага дакладна не ведаем. Мы можам толькі рабіць гіпотэзы на гэты конт. Што тычыцца гэтага руху, то вельмі істотна, што кожны, ці прынамсі шмат ініцыятыўных грамадзянаў пабачылі вочы сваіх гарадскіх і абласных дэпутатаў. Каб увогуле, пачаўся дыялог. Калі палітыкай кіруе адзін чалавек, проста палітыкі няма. Права, тое што мы робім, г. зн. мабілізуем закон, і палітыка, яны пачынаюць сустракацца. Яны пачынаюць рух адзін да аднаго. І становіцца зразумелым кожнаму, што дрэннага з нашымі законамі. Там няма дакладнай колькасці выбарцаў, якія мусяць скласці подпісы, каб звярнуцца да дэпутатаў мясцовых радаў. У законе пра статус дэпутата Палаты прадстаўнікоў гэтая лічба ёсць – 300 чалавек. Наконт абласных – не вядома, нешта незразумелае напісана, і таму, мы проста нейкай групай, больш ініцыятыўных выбарцаў, дзе сто подпісаў, дзе восемдзесят пачынаем звяртацца. Але з гарадскімі і абласнымі ясная справа акругі меншыя, як для Палаты прадстаўнікоў. Таму гэтыя ініцыятыўныя групы робяць арганічна, унутры гэтых участкаў, там дзе ёсць арганізаваныя суполкі дамоў. Наста: Не заклікаем да адхілення дэпутата. Ёсць ініцыятывы заклікаюць за адхіленне. Мы – не. Мы збіраем подпісы на сустрэчу і на справаздачу дэпутата. І хочам, каб ён пачуў тое, што зараз думаюць ягоныя выбарцы. Яны павінны разумець, што людзі думаюць інакш за тое, што даецца згары. Я мяркую, што трэба тузаць усе вертыкалі ўлады, каб нешта ў нас змянілася. Чым больш людзей будзе актывізавана ў гэтую справу, чым больш людзей пачне самастойна думаць над тым, што адбываецца, а не цвердзіць, маўляў, „я палітыкай не цікаўлюся”. Уважаю, што гэта вельмі добрая справа, і маю надзею, мы зробім, і нашы дэпутаты таксама, асабліва, я лічу, што мясцовыя дэпутаты. Яны не так адарваныя ад народа, як Палата прадстаўнікоў. Бо яны жывуць пабач нас, працуюць побач нас. Ім далей з намі жыць. І яны таксама будуць рабіць, каб іх жыццё таксама стала „стабільным”, як нехта любіць казаць. На маю думку стабільнасць, гэта калі ты ведаеш, што ў цябе будзе заўтра.
Вікторыя: Акцыя па ініцыяванні сустрэчы з дэпутатамі – гэта не выкід негатыўных эмоцыяў. Гэта зварот да дэпутатаў. Гэта вера ў тое, што ёсць пісьменныя людзі. Многія людзі знаходзяцца на сваіх месцах. Бо ёсць вера ў гэта. І таму мы, грамадзяне, хочам навязаць стасункі, пачуць можа быць нейкія сэнсоўныя прапановы. Можа быць былі праблемы, якія развязваліся. І мы хочам ведаць. Бо ніхто з нашых дэпутатаў, ніколі не даваў справаздачаў сваіх дзеяў і па тых праблемах, якія яму даводзілася развязваць, а таксама ў што яны былі ўцягнуты і ў чым удзельнічалі. Таму сустрэча з дэпутатамі дае надзею, што яны, як пісьменныя людзі, знойдуць выйсце з гэтай вельмі нядобрай сітуацыі. Ініцыятары абгаварылі магчымасці сустрэчы з выбарцамі (падалі патрабаванні справаздачы і сустрэчы з выбарцамі) дэпутата гарадзенскай гарадской рады дэпутатаў Аляксандрам Чэкелем (ён працуе дырэктарам „БелДругПалімеру”). А таксама сустракаліся па гэтай жа тэме з Канстанцінам Моластавым, дэпутатам абласной рады. Яны паабяцалі арганізаваць сустрэчу і паведаміць месца і час правядзення.
Пра акалічнасць сустрэчы з дэпутатам Чэкелем кажа Наста: Наста: Мы сустрэліся ў памяшканні ЖЭС 12. На пачатку ён чакаў нейкага негатыву з майго боку, як мне здаецца. Але я патлумачыла, дзеля чаго прыйшлі. Пасля чаго размова пайшла ў пазітыўным ключы. Ён паабяцаў арганізаваць сустрэчу. А з Моластавым была нечаканасць. Гэта значыць, што нам не далі сустрэцца асабіста з нашым дэпутатам. Сустрэча была ў кабінеце начальніка памежнага атраду Гародні.
Вікторыя: Нам было вельмі дзіўна, на сустрэчы з Канстанцінам Моластавым пабачыць пабочных людзей. Як падышлі да кабінету, то каля яго ўбачылі некаторую колькасць пабочных людзей, якія ўвайшлі ў кабінет разам з намі. Мы цудоўна разумелі, што гэтыя людзі ніякіх адносін да дэпутата не маюць. Проста вайсковыя. Хтосьці быў ва ўніформе, хтосьці – не. Яны не назваліся і прайшлі ў кабінет. Да нас было выстаўлена патрабаванне, што можа ўвайсці ў кабінет толькі адзін чалавек з нашага боку. Мы ўвайшлі ўдвух і ўбачылі, што сядзіць такая колькасць людзей, якія не мусяць там быць, і яны не назваліся, на пытанне: як прозвішча? Імя? Атрымоўваем адказ : „Інкогніта”. Гэта вельмі дзіўна, для чаго гэта робіцца – зусім не зразумела. Бо Моластаў цудоўна ведаў і разумеў, пасля папярэдняга запісу па тэлефоне, намі было агучана, што мы ідзём на сустрэчу з дэпутатам Моластавым, а не начальнікам памежнага атраду Моластавым, па пытанні сустрэчы з выбарцамі. Для чаго прысутнічалі гэтыя пабочныя людзі? Засталося для нас загадкай і таямніцай. Наста: Калі мы ўжо ўсё сказалі, што хацелі запытаць, Моластаў спытаў у астатніх: ці маюць яны нейкія да нас пытанні… На што мы абурыліся. Якое дачыненне гэтыя людзі маюць да нас? Мы прыйшлі да дэпутата. Мы жывём на яго акрузе. А гэтыя людзі нам не вядомыя: хто яны, скуль яны, якія мэты мелі. Даведаліся, што адзін з іх памочнік камандзіра часткі, другі – начальнік юрыдычнай службы, трэці – намеснік камандзіра, чацвёрты – намеснік па ідэалогіі. Але прозвішчы не назвалі.
Ініцыятары акцыі па сустрэчы з дэпутатамі пакуль не ставяць мэты працэдуры адхілення дэпутатаў ад пасады. Бо, традыцыйна, многія грамадзяне – выбарцы, нават не ведаюць, хто яны такія, і што робяць на пасадзе ўжо год сваёй кадэнцыі. У гэты час ідзе падрыхтоўка сустрэчы гарадзенцаў з некаторымі дэпутатамі менскай рады, а таксама абласной рады дэпутатаў. Даты сустрэчаў пакуль нявызначаныя.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя