Судзяць Бабарыку і фігурантаў справы «Белгазпрамбанку». Незалежныя СМІ не пусьцілі
2021-02-17 11:49
17 лютага Вярхоўны суд Беларусі разглядае справу Віктара Бабарыкі і іншых мэнэджараў «Белгазпрамбанку». Працэс ідзе ў будынку суду Маскоўскага раёну Менску.
Віктара Бабарыку і шэсьць былых топ-мэнэджэраў банку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай. Бабарыку дадаткова выставілі абвінавачаньне і ў легалізацыі даходаў. За даваньне хабару судзяць былога кіраўніка лізінгавай кампаніі Віктара Кабяка.
11.10
Людзі патрабуюць пусьціць іх на фармальна адкрыты судовы працэс. Каля сотні людзей ня трапілі ў судовую залю.
11.05
Пачаўся суд, паведамляе дзяржаўнае агентцва БелТА. Незалежныя СМІ на працэс не пусьцілі.
10.57
Ня ўсе сваякі падсудных трапілі ў залю.
10.45
З тэлефонам і пляншэтам ў залю не пускаюць. Тэхніку трэба здаць на ўваходзе, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.
10.30
Людзі ў чарзе ў суд. Каля ўваходу ў суд сабралася каля сотні чалавек. Яны крычаць: «Запускай!» і просяць, каб ім дазволілі прысутнічаць на адкрытым працэсе.
10:05
Віктара Бабарыку прывезьлі ў суд
Фігуранты справы Бабарыкі Віктар Бабарыка (ч.2 арт. 235, ч.3 арт. 430 КК),
Кірыл Бадзей (ч. 3 арт. 430 КК),
Сяргей Дабралёт (ч. 3 арт. 430 КК),
Аляксей Задойка (ч. 3 арт. 430 КК),
Алксандар Ільясюк (ч. 3 арт. 430 КК),
Віктар Кабяк (ч. 2 арт. 431 КК),
Дьмітры Кузьміч (ч. 3 арт. 430 КК),
Сяргей Шабан (ч. 3 арт. 430 КК).
Віктар Бабарыка і Аляксей Задойка адмовіліся падпісаць угоду са сьледзтвам, астатнія падпісалі.
Як гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва, усе абвінавачаныя, акрамя Віктара Бабарыкі, прызналі віну цалкам.
«Белгазпрамбанкам» кантралёры зацікавіліся адразу пасьля таго, як Віктар Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня і агучыў намер балятавацца ў прэзыдэнты. 18 чэрвеня 2020 году Бабарыку затрымалі. Нягледзячы на больш як 400 тысяч сабраных подпісаў за вылучэньне Бабарыкі, ЦВК не зарэгістравала яго кандыдатам у прэзыдэнты.