Судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка (намесьніца старшыні суду Маскоўскага
раёну Менску ў крымінальных справах) закрыла працэс на просьбу пракурора
Людмілы Іваненкі, «каб пазьбегнуць выдаваньня мэдычнай тайны і дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня, якія ахоўваюцца законам».
Маці загінулага Рамана Бандарэнкі, падсудныя і іх адвакаты выступалі супраць закрыцьця працэсу.
Журналістаў незалежных мэдыя зусім не пусьцілі на працэс, у залю першапачаткова пусьцілі толькі блізкіх сваякоў абвінавачаных і дыпляматаў. Каля 100 чалавек засталіся ў калідоры
Сваякі Барысевіч і Сарокіна расказалі, што яны выглядаюць бадзёра і добра трымаюцца.
Як праходзіць працэс12.07 Маці Рамана Бандарэнкі Алену выклікалі на допыт у суд. Згодна зь лёгікай вядзеньня працэсу, піша Tut.by, можна меркаваць, што абвінавачаньне фігурантам ужо зачыталі, вызначылі парадак вядзеньня працэсу такім чынам, што спачатку дапытваюць сьведак.
11.25 Доктарка ўльтрагукавой дыягностыкі Надзея выказалася пра суд над Сарокіным.
11.10
Людзі складаюць скаргу на закрыцьцё працэсу, патрабуюць забясьпечыць прысутнасьць на судзе і адкрытасьць. Пад заявай падпісаліся ўжо больш за 50 чалавек.
11.00
«Каця малайчына, трымаецца. Яны выглядала добра. Усьміхалася. Працэс закрылі адразу, і мы не пасьпелі пачуць ніякіх дэталяў», — расказаў пасьля закрыцьця працэсу брат Кацярыны Барысевіч Вадзім.
Брат Арцёма Сарокіна Павал расказаў, што прысутныя ў залі сустрэлі рашэньне суду пра закрыцьцё працэсу выгукамі «Ганьба!», і міліцыянты вырашылі «прыбраць усіх з залі як мага хутчэй».
«Мы ставімся да гэтага адмоўна. Усе СМІ, і нават дзяржаўныя, казалі, што ўсё мусіць быць адкрыта, каб людзі ведалі. Зьдзіўлены, што выглядае добра, мала памяняўся. Радуе, што трымаюць сябе з форме і вонкава, і ўнутрана», — сказаў Павал Сарокін.
10.51
Рэакцыя прысутных на закрыцьцё суду над Барысевіч і Сарокіным і дзеяньні міліцыі і «людзей у цывільным»
10.40
Суд пройдзе ў закрытым рэжыме: «каб пазьбегнуць выдаваньня мэдычнай тайны і дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня, якія ахоўваюцца законам», а таксама таму, што «матэрыялы справы зьмяшчаюць мэдычныя дакумэнты, у тым ліку тыя, што раней не публікаваліся».
«Гэта значыць, што мы не даведаемся, у чым абвінавачваюць і за што канкрэтна судзяць лекара і журналіста, якія расказалі праўду аб стане загінулага Рамана Бандарэнка, — піша Tut.by. На пасяджэньні ня змогуць прысутнічаць нават родныя Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна.
10.30
Генэральны дырэктар Tut.by Людміла Чэкіна назвала абвінавачаньне «абсалютна абсурдным».
«Артыкул пра выдаваньне лекарскай тайны мае на ўвазе наяўнасьць пакутаў пацыента ці ягоных сваякоў. Сваякі Рамана Бандарэнкі ня раз заяўлялі, што ніякіх прэтэнзій ня маюць і што гэта было зроблена ў інтарэсах грамадзтва і самага Рамана. Калі браць чыста фармальныя прыкметы, суб’ектам можа быць толькі мэдычны работнік. Тое, што журналіста прыцягнулі ў якасьці саўдзельніка, гэта абсалютнае дзікунства. Артыкул абсалютна мёртвы, раней прымяняўся вельмі рэдка. То бок выцягнулі абсалютна замшэлы артыкул і выкарысталі яго ў сваіх палітычных мэтах».
10.20
Пракурор хадайнічае аб закрыцьці пасяджэньня, абарона катэгарычна ня згодная: маецца заява маці Рамана, яна настойвае на адкрытасьці паседжаньня», паведамляе Tut.by. Адвакат Кацярыны Барысевіч кажа: «Маці Бандарэнкі зьяўляецца адзіным чалавекам, які можа даць ці ня даць згоду на тое, каб суд быў адкрытым».
«Я хачу, каб грамадзтва ведала, за што судзяць журналіста і лекара, таму падтрымліваю хадайніцтва адваката», — кажа Кацярына Барысевіч.
Лекар Арцём Сарокін таксама за адкрыты працэс.
10.12
Першыя кадры з залі суду. Барысевіч і Сарокін у клетцы. Кацярына паказвае рукамі сэрцайка.
10.00
У залю запусцілі толькі блізкіх сваякоў, дзяржаўныя СМІ і дыпляматаў, разам каля 30 чалавек. Уваход ахоўваюць людзі ў цывільным. Сарокіна і Барысевіч прывезлі ў суд за дзесяць хвілін да пачатку працэсу іх завялі пад канвоем у кайданках.
Што адбылосяЖурналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і доктара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін, які тым самым зьняпраўдзіў словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў пʼяны.
Паводле матэрыялаў справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента лякарні Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запрошаная ёй інфармацыя складае мэдычную тайну і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюд.
Дзеяньні Кацярыны Барысевіч кваліфікавалі паводле ч. 5 арт. 16 і ч. 3 арт.178 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Арцёма Сарокіна — па ч. 3 ст.178 КК.
Крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі распачалі толькі праз 100 дзён пасьля ягонай сьмерці. «Датычнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычыненьня Бандарэнку Р. І. цялесных пашкоджаньняў ня выяўленая», — адзначана ў паведамленьні Генпракуратуры.