- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Бітва пад Оршай. 8 верасня 1514 г. Ужо ў XIV і XV стст. адбываліся амаль пастаянныя канфлікты паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім (а з 50-х гадоў XV ст. і Жамойцкім), або Беларуска-Літоўскай дзяржавай, і Маскоўскім вялікім княствам за панаванне ў землях Русі і іх палітычнае і дзяржаўнае аб'яднанне або пад эгідай Масквы, або пад эгідай Вільні. У другой палове XV ст. значная частка земляў Русі была аб'яднана ў Маскоўскай дзяржаве Івана III. Гэты працэс працягваўся і ў першай чвэрці XVI ст. У канцы XV — XVI ст. адносіны паміж навастворанай Рускай дзяржавай і Беларуска-Літоўскай былі вельмі напружаныя. Дыпламатычная барацьба паміж імі за палітычны ўплыў у Еўропе і за валоданне землямі былой Кіеўскай Русі суправаджалася ваеннымі канфліктамі. У канцы 1512 г. пачалася новая маскоўска-літоўская вайна.