- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ёсць у Сібіры свой Беласток... Слова «Сібір» амаль заўсёды ў нашай свядомасці асацыюецца з такімі паняццямі, як «катарга», «ссылка», «дэпартацыя» і да іх падобнымі. I дзеля гэтага ёсць падставы, бо з усіх шляхоў, што вядуць у Сібір, дарога катаржнікаў, ссыльных, дэпартаваных — самая пратаптаная за некалькі стагоддзяў пры розных урадах і рэжымах. I ў той жа час былі і тыя, хто ехаў у гэтыя суровыя краі па ўласным жаданні ў пошуках асабістага шчасця і лепшай долі. На беразе колісь паўнаводнай, а цяпер зусім парослай травой, кустамі рачулкі Броўкі, што ў ста пяцідзесяці кіламетрах на поўнач ад Томска, ёсць невялікая вёсачка Беласток. Паўстала яна ў сібірскай глушы на самым пачатку нашага стагоддзя, заснавалі яе беларускія і польскія перасяленцы з малазямельных заходніх губерняў Расейскай імперыі — Горадзенскай, Віленскай, Віцебскай. Зразумела, не ад добрага жыцця рушылі нашыя суайчыннікі, адвечныя земляробы, у далёкую Сібір. Беззямелле, неўрадлівасць пясчаных глебаў не давалі магчымасці пракарміць вялікія сялянскія сем'і. Да Томска ехалі чыгункай у таварных вагонах разам з быдлам і правіянтам для яго, начыннем і сялянскімі прыладамі працы. Дарэчы, у 1907 г. для сям'і выдзяляўся адзін вагонтаварняк. Ад Томска да сяла Малчанава, дзе быў адзін з перасяленчых пунктаў, плылі на параплаве па вялікай рацэ Об, своеасаблівай сібірскай «Місісіпі», а далей, хто як мог, праз тайгу, балоты аж да месца пасялення. Такім чынам на мапе Томскай губерні на пачатку стагоддзя з'явілася вёска Беласток.