- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Народнае песеннае творства — фольклёр заўсёды было тым жаралом, адкуль профэсыйная музыка чэрпала матар'ял для свайго творства. Гэта надзвычай удала выказаў наш вялікі родзіч Міхал Глінка, кажучы, што «музыку стварае народ, а мы, композытары, толькі апрацовуем яе». I чым цікавей і паўней творства народу, тым больш яно выкарыстоўваецца профэсыйнымі музыкамі. Перазь Ліста й Брамса сьвет пазнаёміўся, потым палюбіў і захапіўся вугорска-цыганскаю песьняю й скокамі; пераз Грыга стаўся ведамым цудоўны скандынаўскі фольклёр. Ёсьць такі народна-песенны матар'ял, які можна сустрэць у композытараў найразьнейшых краёў. Гэтак стала ўвыйшоў у музычны быт фольклёр усходніх народаў, альбо фольклёр гішпанскі. Калі навет з такога шырокага пагляду падыходзім да нашае тэмы беларускага фольклёру, дык зусім, без усялякае хвальбы, належыць сказаць, што яму ў сэнсе цікавасьці, багацьця й разнастайнасьці — трэба адвесьці адно з найпершых месцаў. Нашая бяда толькі ў тым, што ўсё гэта мала ведаюць ня толькі чужнікі, але й самі Беларусы.