- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Некалькі дзён таму мы з верай і надзеяй распачалі наступны год Панскі. Разам з ім атрымалі новы пачатак, будучыню, якая яшчэ не мае канкрэтных абрысаў, але ўжо паступова становіцца нашай рэальнасцю. Кожны новы год для хрысціяніна – гэта шанс і нагода, каб здзяйсняць добрыя справы і фарміраваць сваю “ролю” так, каб яна дала найцудоўнейшыя плады цяпер на зямлі і потым у вечнасці. Таму пачатак года нясе з сабой новыя надзеі і разнастайныя выклікі. Новае часта бывае складаным. Нездарма ж кажуць, што “цяжка пачаць”. Але на гэтым шляху мы ніколі не адзінокія, паколькі на працягу стагоддзяў побач крочыць Той, хто для нас прыйшоў у свет. Ён – Слова, што было на пачатку; Слова, якое рассеяла змрок смерці. Крокі ў невядомае адгэтуль і назаўсёды асвячаюцца Яго бляскам, таму што Бог у сваёй міласэрнасці захацеў, каб Яно стала нашым Правадніком.