- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Праз Марыю прыйшоў да нас Хрыстос, каб праз Яе ж удзяліць нам неабходныя ласкі. Яна, будучы Маці Езуса, Уцелаўлёнага Божага Сына, з’яўляецца таксама Маці ўсіх з’яднаных з Хрыстом – Маці Яго Касцёла. Св. Ян Павел II, чый соты дзень нараджэння будзем адзначаць у гэтым месяцы, падкрэсліваў, што “плён Яе жыцця выспеў пад Крыжом, дзе самым трагічным чынам была аб’яўлена праўда, што Бог ёсць Любоў. У духу гэтай Божай любові, паслухмяная закліку Сына, Яна прыняла ў апостале Яне нас усіх як сваіх дзяцей” (Angelus, 1999). Марыя вызваляе нас ад незлічоных небяспек, якіх не змаглі б пазбегнуць самастойна. Яна ахвяруе чалавеку ўсё, што “захавала ў сваім сэрцы”. У Марыі знаходзім першы знак надзеі. Звяртаемся да Яе, калі адчуваем сябе згубленымі, калі хочам выпрастаць кірунак жыцця, а таксама калі згасае вера ў нашых сэрцах. Просім Яе заступніцтва, калі перажываем драму адзіноты, ізаляцыі і пакінутасці ў сувязі з пануючай пандэміяй каронавіруса. Маці Божая з’яўляецца вернай надзеяй на збаўленне, якая ззяе сярод жыццёвых цяжкасцей. Сёлетні май не такі, як заўжды. У нашых парафіях не будзе традыцыйных урачыстасцей Першай св. Камуніі, а моладзь не зможа прыняць сакрамант канфірмацыі. Усё гэта адбудзецца крыху пазней... У нашых святынях значна менш людзей, менш пажылых, адданых жанчын, якія абаранялі Божае і святое. Не ва ўсіх будзе магчымасць кожны дзень збірацца ў касцёлах або каля прыдарожных капліц.