- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Уваскрослы Езус абуджае нашу надзею і адорвае новай любоўю. Гэтая любоў большая за смерць, перамагае ўсякае зло і цалкам бескарыслівая. У цяперашні складаны час, калі ўвесь свет пагружаны ў страх і роспач, хочацца ўсклікнуць, што Божая любоў найвышэй за любую эпідэмію і бедства. Пан над намі! Свята Божай Міласэрнасці, якое перажываем у першую нядзелю пасля Вялікадня, паказвае веліч любові Бога. Езус адкрывае перад намі сваё Найсвяцейшае Сэрца, каб маглі зачарпнуць мноства ласкаў для сябе і ўсяго свету. У гэты дзень можам асаблівым чынам дакрануцца да прабітага бока Хрыста, пацалаваць Яго знясіленыя рукі і параненыя ногі. Наталіць смагу ў жыватворнай Крыніцы пакліканы асабліва тыя, хто церпіць хваробы ці пакуты, альбо перажывае драму адзіноты ці ізаляцыі, альбо ў каго заблыталіся жыццёвыя шляхі. Для чалавека няма іншай крыніцы надзеі і ўмацавання, акрамя Божай міласэрнасці. Таму трэба з верай паўтараць за св. сястрой Фаўстынай: “Езу, давяраю Табе!”. Божую міласэрнасць можна параўнаць з выратавальным кругам, які Бог кідае пагружанаму ў грахі і смутак чалавецтву. Ён падае сваю далонь згубленаму ў сучасным разарваным свеце чалавеку – з дарам любові, якая прабачае. У Бога ўсё мае адпаведны час і месца. І хоць мы не ўсё ўсведамляем, Ён заўсёды чувае над намі. Для таго, каб спазнаць веліч Божай міласэрнасці, неабходна толькі адкрыць сябе для бязмежнасці гэтай гаючай любові. Тады зможам цалкам удзельнічаць у радасці Уваскрасення.