- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Усяго праз некалькі дзён у духу веры мы будзем перажываць святыя, радасныя гадзіны свят Божага Нараджэння. Ішлі да іх дарогамі Адвэнту – часам рэкалекцый, споведзі, раратніх набажэнстваў, што скіроўвалі погляд на Марыю – Маці Бога і ўсяго чалавецтва. Святкуючы Божае Нараджэнне, мы павінны яшчэ раз паверыць і з верай прыняць сціплы, убогі і вельмі просты спосаб прыйсця Бога ў свет. Не можам даць сябе ашукаць свецкаму ззянню і міражам сапраўднага святла, якія прыцягваюць наш позірк і нашы сэрцы. Не зможам тады правільна пражыць Раство, калі напоўнім сябе падарункамі, абедамі і вячэрамі, але не дапаможам хоць аднаму бедняку, падобнаму да Хрыста, які ў Божае Нараджэнне прыйшоў убогі. Гэта не будзе Божае Нараджэнне, калі, завязнуўшы ў абыякавасці, мы не захочам распазнаць і прыняць аблічча Пана ў чалавеку слабым і пакутуючым, у хворым і пакінутым іншымі альбо ў тым, хто шукае сваё месца. Гэта таксама не будзе Божае Нараджэнне, калі застанёмся пагружаныя ў спрэчкі, якія нас так моцна раздзяляюць і ў якіх будзем узаемна папракаць за памылкі і працягваць крыўдзіцца адзін на аднаго. Гэта не будзе Божае Нараджэнне, калі з-за страху ці з-за таго, што так зручней, мы замкнёмся ў сваім свеце, не бачачы ні сэнсу, ні неабходнасці выходзіць да іншых. Божае Нараджэнне настане толькі тады, калі адрачэмся ад бязбожнасці ды пажадлівасці свету і пачнём жыць разважліва, справядліва і набожна (параўн. Ціт 2, 12).