- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чаму мы ўшаноўваем крыж, хоць ён з’яўляецца інструментам жорсткай смерці і сімвалам найгоршых пакут? Крыж блізкі і дарагі нашаму сэрцу. Змяшчаем яго на сцяну кватэры, паказваем дзецям, каб яны пазналі ды ўпадабалі любоў Езуса і ў святле крыжа выраслі смелымі ды ахвярнымі людзьмі. Маленькі крыжык бацькі вешаюць на шыю дзіцяці, калі яно ўпершыню прыступае да св. Камуніі, а таксама са слязамі ў вачах дрыготкай рукой крэсляць знак крыжа на яго лбе, бласлаўляючы ў дзень шлюбу. Да крыжа працягваюць сваю руку хворыя людзі, шукаючы ў ім сілы ў цярпенні. Чалавек, які памірае, бярэ ў рукі крыж, каб у гадзіну смерці развітацца з зямным жыццём ды прывітаць вечнасць. І на хрысціянскай магіле ставіцца крыж. Чаму мы ўшаноўваем крыж? Чаму бярэм яго ў рукі, хоць з’яўляецца інструментам жорсткай смерці? Чаму шукаем яго, нягледзячы на тое, што гэта сімвал найгоршых пакут? Чаму становімся на калені пад крыжам, схіляем перад ім галаву? Чаму з любоўю і пашанай цалуем яго? Крыж – найвялікшы і самы пераканаўчы доказ Божай любові да чалавека. Бог на крыжы прызнаўся ў любові: не словам, а змучаным целам; не вуснай заявай, а кроўю, што цякла з ран. Можна памерці з-за недахопу любові альбо з-за яе. Абедзве сітуацыі адносім да Езуса, які памёр на крыжы як нехта адкінуты, нялюбы і адначасова як Той, хто любіць да канца, без абмежаванняў.