- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Новы навучальны і катэхетычны год – гэта новыя шансы, новыя магчымасці, новы досвед, гэта нагода, каб узяцца за працу над сабой. Цяжка рэалізаваць такія мэты, не змяняючыся. Таму варта не баяцца кожны раз ставіць перад сабой новыя задачы і патрабаванні. Мы жывём у часы, калі дамінуе г. зв. “выхаванне без стрэсу”. Яго тэзісы не маюць у сабе нічога дрэннага, нават наадварот – яны вельмі разумныя: лепш размаўляць з дзецьмі, чым крычаць на іх, тлумачыць, чым бясспрэчна забараняць, а прымяняць цялеснае пакаранне не лепшы выхад. Аднак гаворка ідзе не аб дазволе дзецям усяго, чаго хочуць, а аб тым, каб дапамагчы ім убачыць межы. Для гэтага бацькам трэба спачатку акрэсліць для саміх сябе, што правільна, а што не. Хто не патрабуе ад сябе, не здолее ставіць здаровыя патрабаванні перад іншымі. Хто не ўмее выразна вызначыць межы паміж дабром і злом у сваім жыцці, не навучыць сына ці дачку, як выбіраць самае каштоўнае. Патрабаванні да дзяцей рознага ўзросту адрозніваюцца. Аднак заўсёды неабходна знаходзіць для кожнага час і цярплівасць. Калі гэтага не хапае, лягчэй за ўсё звярнуцца да паставы “зрабі гэта, бо я так кажу” або “ідзі ў свой пакой і не дуры мне галаву”. На жаль, для многіх важна толькі тое, каб дзеці былі паслухмянымі, што на практыцы азначае, “каб не перашкаджалі” ці “каб ніхто на іх не скардзіўся”. Часам у бацькоў можна сустрэць таксама падыход “каб дзіця было задаволена” або “няхай хоць яно мае тое, чаго я ў сваім дзяцінстве не меў”.