- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўжо больш за чвэрць стагоддзя з’яўляецца Сусветным днём малітвы аб святасці святароў. Гэты дзень устанавіў св. Ян Павел II у 1995 годзе, каб усвядоміць вернікам іх адказнасць за якасць святарскіх пакліканняў і заахвоціць маліцца за пастыраў. Выбар урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса быў натхнёны дэвізам святога пробашча Яна Віянэя, апекуна святароў, які сцвярджаў, што “святарства – гэта любоў Сэрца Езуса”. Немалаважным з’яўляецца і той факт, што ўрачыстасць адбываецца ў час, калі традыцыйна ў многіх дыяцэзіях свету ўдзяляюцца святарскія пасвячэнні, цэлебруюцца прыміцыйныя св. Імшы і святкуюцца юбілеі святарства. Натуральна, што тады пра душпастыраў думаюць і гавораць у Касцёле вельмі часта. Кожная паслуга ксяндза заснавана на хрысцільным пакліканні, і гэта самае галоўнае. Як хрысціяне мы пакліканы аддаваць сваё жыццё іншым, падобна Хрысту, а як святары – весці Божы народ, праз удзяленне сакрамантаў ствараць касцёльную супольнасць, якая павінна быць знакам еднасці і любові, а таксама паказваць свету прысутнасць Хрыста сёння. Для таго, каб святар мог здзяйсняць сваю місію, ён павінен быць, у першую чаргу, святым, пакорным і місійным. Святым – таму што мусіць быць чалавекам, укаранёным у сваім хросце. Мусіць заўсёды памятаць, што ў хросце ён пакінуў “старога чалавека” і нарадзіўся як “новы”. Пакорным – з улікам свайго паклікання, бо святарства – гэта не ўлада, дадзеная яму, а служэнне.