- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Несумненна, многія з нас усведамляюць вялікі доўг удзячнасці, які маем перад св. Янам Паўлам II. Святы Айцец жыў у часы 2-юх таталітарных сістэм – нацызму і камунізму – якія тапталі чалавечую годнасць і сям’ю. Ён у значнай ступені спрыяў адраджэнню Касцёла ў сучаснай Беларусі: заснаваў нашу дыяцэзію, прызначыў першага біскупа. Святы Папа вяртаў годнасць сям’і, якая служыць сустрэчы чалавека з чалавекам і чалавека з Богам. Бачыў у ёй першае і натуральнае асяроддзе евангелізацыі і катэхізацыі, таму што бацькі не толькі даюць дзіцяці жыццё, але і абавязаны нарадзіць яго да веры. Вучэнне Яна Паўла ІІ уключала сапраўдны клопат пра чалавека. Святы Айцец адказваў на выклікі часу і вёў нястомную барацьбу за людзей. Ён таксама рашуча выказваўся на тэму эўтаназіі, узброеных канфліктаў, тэрарызму – усіх тых праблем, дзе рызыцы падвяргаліся чалавечая годнасць і жыццё. Напярэдадні вялікага юбілею вернікі пакліканы нанова разглядзець свет каштоўнасцей, якімі св. Ян Павел II жыў кожны дзень. Варта прасякнуцца яго чуласцю да лёсу іншай, асабліва згубленай, беднай, церпячай і патрабуючай салідарнай дапамогі асобы. Варта адкрыць святога Папу як чалавека малітвы, зачаравацца яго любоўю да Касцёла. Нам таксама неабходна глыбока прыняць да сэрца яго знамянальныя словы: “Не бойцеся! Адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту!”. Няхай гэты заклік нясе святло надзеі для ўсяго чалавецтва, якое жыве ў нявызначанасці заўтрашняга дня з-за пануючай пандэміі.