- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Божае імя мы распачалі новы год Панскі. Як людзі веры ўвайшлі ў невядомую рэчаіснасць з надзеяй і даверам, маючы святое перакананне, што Усемагутны заўсёды пра нас клапоціцца і ні на хвіліну не пакідае. 2020 год у Касцёле ў Беларусі прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ. Такім чынам прагнем ушанаваць юбілей 100-годдзя з дня нараджэння гэтага вялікага Папы, які ў 1991 годзе заснаваў Гродзенскую дыяцэзію і прызначыў яе першага біскупа. Дэвізам года абраны словы, прамоўленыя Святым Айцом у першы дзень яго пантыфікату: “Адчыніце дзверы Хрысту”. У гэты дадзены Богам час асаблівым чынам хочам натхняцца думкамі і жыццём слыннага Папы. Варта браць з яго прыклад, выбудоўваючы свае адносіны са Стварыцелем і іншым чалавекам, з грамадствам, у якім жывём і працуем, а таксама з Касцёлам. Сужэнцы адкрыюць скарбніцу ведаў у навучанні Святога Айца пра сям’ю. Святароў і кансэкраваных асоб прыцягне ўзор яго празрыстага жыцця і бескарыслівай паслугі. Прадстаўнікі сферы навукі і культуры ўбачаць, як гарманічна спалучаць веру і розум у пошуках праўды. Моладзь будзе матывавана, каб ставіць сабе ў жыцці высокія ідэалы і нястомна да іх імкнуцца. Палітыкі навучацца шырока глядзець на грамадскія справы, каб бескарысліва клапаціцца пра супольнае дабро… Усе мы можам натхніцца святасцю Яна Паўла ІІ! Кожны чалавек атрымаў у дар ад Пана непаўторны шлях служэння і адказнасці.