- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прынята лічыць, што ўвесь міжваенны час, ледзь не з 1920 года, з пажарнай вежы ў Слоніме двойчы за дзень (а 8-й і 20-й гадзінах) гучала мелодыя паланэза Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”. У савецкія часы традыцыя спынілася, яе аднавілі 23 траўня 2015 года. Паланэз стаў гучаць штодня а 12-й гадзіне. Толькі ўжо не з каланчы (былой стайні, вежа якой не захавалася, цяпер там склад), а з былой воданапорнай вежы, якую памылкова называлі “гарадской пажарнай каланчой”. Цяпер ён гучыць праз сістэму апавяшчэння грамадзянскай абароны, усталяванай на будынку былога камбіната бытавога абслугоўвання (уключаецца аўтаматычна ўжо не са Слоніма, а з Гродна). А ў міжваенны час мелодыю выконваў на музычным інструменце на вежы адзін з пажарных. Удалося высветліць, што насамрэч мелодыя паланэза загучала з каланчы толькі ў пачатку 1930-х гадоў. У ліпені 1930-га газета “Навагрудскае жыццё” пісала, што “ад пэўнага часу” слонімскія пажарныя пачалі выконваць з пажарнай вежы мелодыю — а 8-й і 20-й гадзінах. Але гэта быў хейнал марыяцкі ці кракаўскі — музычны сімвал Кракава, які гучыць штогадзіну з вежы Марыяцкага касцёла ў згаданым польскім горадзе. Аўтар зацемкі падкрэсліваў, што і выкананне не зусім дакладнае, ды і не мае гэтая мелодыя ніякага дачынення да нашага горада. Таму ён прапанаваў пажарным ужываць мелодыю з паланэза Агінскага.