- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэты тэкст напісаў дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега (1557 — 1633), як прадмову да Трэцяга Стутута ВКЛ, кодэкса законаў, што быў надрукаваны ў 1588 годзе. Ён звяртаецца да насельніцтва краіны, абгрунтоўвае важнасць незалежнасці, свабоды, панавання права. Са старабеларускай мовы тэкст узнавіў паэт Алесь Разанаў. Мудрыя людзі ўсіх стагоддзяў сыходзіліся на думцы, што ў кожным — калі б яно ні ўтварылася — гаспадарстве дастойнаму чалавеку нічога не можа быць даражэй за вольнасць. Затое няволя яму настолькі агіднаю мае быць, што не толькі маёмасцю, а і смерцю яе адганяць ад сябе павінен. Таму і не дзіўна, што людзі, якія сябе шануюць, каб не падпасці пад панаванне чужацкае, у змаганні з усякім наспротнікам не шкадавалі ні скарбаў сваіх, ні горлаў. Калі ж аднак, здаралася, трацілі волю, дык усё роўна паводле парадкаў чужых не хацелі жыць. А хіба лепей намнога, каб чалавек быў ад старонняга ворага вольны, ды мусіў свайго трываць над сабою?! Вось жа, на ўтаймаванне ўсякага ліхадзея вынайдзены муштук, ці — іначай — цуглі, каб, маючы боязь перад законам, утрымліваўся ад гвалту і ад сваволі і над слабейшым ды над бяднейшым не пасвіўся і не змушчаўся. Закон і ўсталёўваецца на тое, каб дужы-заможны не ўсё, што яму зажадаецца, рабіў. Як зазначыў Цыцэрон, каб маглі мы вольнасцю карыстацца, становімся для таго нявольнікамі закону.