Штраф плюс «суткі» – прыхільніку Сяргея Ціханоўскага ў Віцебску
2020-05-27 22:34
У судзе Першамайскага раёна разбіралі справу Аляксея Саламаненкі, на якога склалі пратакол за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 30-га красавіка.
Суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў актывіста «Страны для жизни» удзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства і аштрафаваў на 25 базавых велічынь (675 рублёў).
У якасці ўскоснага пакарання да гэтага дадаліся суткі пад вартай, якія Аляксей Саламаненка правёў да суду ў ізалятары часовага ўтрымання:
– З працы проста забралі. Прыехалі, забралі, сказалі, што я затрыманы. Потым павезлі складаць пратакол, потым у ІЧУ. А потым суд, па скайпе. Я думаю, дадуць суткі. Бо актыўна подпісы збіраюць, ва ўсіх гарадах шмат людзей прыходзіць, і падпісчыкаў дадаецца. І людзі ж самі прыходзяць, іх ніхто не прымушае, усё чэсна!
Пасля суду сябры і блізкія паехалі ў ІЧУ сустракаць Аляксея Саламаненку. Змяшчаць яго туды на ноч не было аніякай патрэбы, лічыць праваабаронца Павел Левінаў:
– У крымінальным заканадаўстве ёсць узаемазалік – калі хатні арышт, знаходжанне пад вартай, у СІЗА… У адміністрацыйным заканадаўстве такога няма, і бывае, што чалавека да 72-х гадзінаў трымаюць у ізалятары, а потым суд «дае ў плечы» яшчэ і вялікі штраф. Я лічу, што тут ёсць парушэнне.
На мінулым тыдні за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім Віцебская абласная пракуратура вынесла Аляксею Саламаненку папярэджанне. Таксама некалькі дзён таму ён быў аштрафаваны судом Чыгуначнага раёна за так званае кармленне галубоў – акцыю грамадскай салідарнасці, якая адбылася ў Віцебску 3-га траўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск