Шляхта —
гэта вельмі важная тэма для беларускай ідэнтычнасці. Цягам ХХ стагоддзя
ўлада ляпіла са шляхты вобраз ворага і падсоўвала іншыя архітыпы. У
сваю чаргу шляхта — гэта гісторыя пра свабоду.
Пра гэта ў Варшаве расказвалі аўтары і вядоўцы праектаў «Трызуб і Пагоня» і «Сармат» кампаніі «Будзьма беларусамі» Кацярына Ваданосава, Васіль Калач і Алесь Кіркевіч.
Кацярына ВаданосаваУдзельнікі праекта не толькі расказвалі пра шляхту, але і паказвалі. А паказваць ёсць што. Кацярына Ваданосава
ўручную шые шляхецкія строі, а расказваць пра іх можа гадзінамі.
Рэканструктарка распавядае, што мода ў ХVII стагоддзі змянялася не менш
імкліва, чым у сённяшні час:
— На ХVII стагоддзе
рэканструктарцы трэба мець 100 сукенак, бо мода мянялася кожны год. Яна
мянялася адначасова і імкліва, і незаўважна. Мы не можам сказаць, што
адзін год яны ходзяць у цалкам закрытых строях, а потым раптам у іх
дэкальтэ да пупка. Гэта ўсё адбывалася па крысе і паступова. Разам з тым
цягам паловы стагоддзя знешні выгляд шляхцянкі змяніўся непазнавальна.
Пачатак ХVII стагоддзя — цалкам закрытыя шыя, рукі, ногі,
пакрытая галава, то другая палова стагоддзя — упершыню ў гісторыя ВКЛ
жанчына атрымала права хадзіць з непакрытай галавой. Другая палова
стагоддзя — настолькі адкрытыя плечы, што часам нават нам няёмка хадзіць
у такіх сукенках.
Трэба радавацца, што мы жывем у такія, а не іншыя часы. Жыццё жанчыны-шляхцянкі ў ХVII стагоддзі простым не было.
Кацярына Ваданосава паўгода як пачала біцца на мячах. Што яны і зрабілі перад прысутнымі з рэканструктарам Васілём Калачом. Пытаемся ў яго, на колькі гэта гістарычна праўдзівая гісторыя:
— Гэта не зусім праўдзівая. Чаму? Таму
што спецыяльна ніхто гэтаму не вучыўся. Але і не забаранялася.
Шляхцянцы, якая бараніла сваю маёмасць, ніхто не забараняў узяць у рукі
шаблю, агняпальную зброю, алебарду, дзіду. Яна магла стрэліць нават з
гарматы.
Васіль КалачДля шляхціца самымі важнымі былі яго гонар, годнасць і вольнасць. А ў гэтым ім дапамагала зброя.
— Для шляхціца самае важнае — яго гонар,
годнасць і вольнасць. Гэта значыць зброя, зямля і магчымасць прымаць
рашэнні на ўзроўні дзяржавы.
Алесь Кіркевіч і Кацярына ВаданосаваЖурналіст і папулярызатар гісторыі Алесь Кіркевіч
адзначае, што тэма шляхты — вельмі важная для разумення ідэнтычнасці
беларусаў. Улады доўга з ёй змагаліся і распаўсюджвалі нямала міфаў.
— Шляхта — гэта вельмі важная тэма для
беларускай ідэнтычнасці. Гэта залаты ключ ад нашай гісторыі, які глыбока
схаваны. Цягам 20-га стагоддзя ўлада ляпіла са шляхты вобраз ворага і
падсоўвала іншыя архітыпы: калгасніка і партызана. Тым самым ствараючы
беларуса як мадэль зручную, працавітую, але без галоўнага стрыжня: без
свабоды. Шляхта — гэта гісторыя пра свабоду, пра чалавека, у якога ёсць
палітычныя правы, зямля, які мае права на зброю і прыняцця рашэнняў.
Прапаганда шляхецкай культуры — гэта вельмі добры падмурак, каб нам
дайсці да еўрапейскіх, дэмакратычных каштоўнасцяў, каб збудаваць
Беларусь, якую мы хочам. Гэты падмурак ёсць у нашай гісторыі.