- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларуская літаратура, як літаратура кожнага народу, не ведае паняцця мяжы. Няма загароды, няма муру, які б здолеў утрымаць мастацкую думку. Беларуская літаратура заўсёды развівалася і надалей развіваецца не толькі ў самой Беларусі, але і па-за яе межамі. Творчыя людзі, дзе б яны ні жылі, маюць патрэбу выказацца, што і робяць, карыстаючы пры гэтым родную мову. Польшча не з’яўляецца выключэннем, а беларусы, якія тут карэнныя прадстаўнікі этнічнай меншасці, пацвярджаюць вышэй згаданае правіла. Літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”, якое згуртавала творчых беларусаў Польшчы ў 1958 годзе, прайшло доўгі і не заўсёды лёгкі шлях, хаця сказаць “прайшло” было б няправільна, бо Аб’яднанне існуе і дзейнічае надалей. Але 50-гадовы юбілей – добрая нагода, каб падсумаваць зробленае, заўважыць хібы, падвесці пэўны рахунак і зрабіць прымеркі на будучыню. Публікацыя “Шлях па прамой часу” – своеасаблівае падвядзенне вынікаў 50 гадоў дзейнасці “Белавежы” і апісанне 50 гадоў гісторыі беларускай літаратуры ў Польшчы. (Н. Г.)