Салодкае самагубства пісьменніцтва. “Адкуль бяруцца кнігі” з Альгердам Бахарэвічам
2024-11-01 20:15
Шлях ад панка да літаратурнага аўтарытэта лёгка кладзецца ў асабісты лёс аднаго з найбольш значных ды спрэчных герояў (пост)сучаснага белліту. Спачатку — дзёрзкі дэнс і шалёная энергетыка, далей — канцэптуальны выклік і сістэмны нонканфармізм, потым — паслядоўная адбудова ўласнай медыйнасці, далей — манументальны opus magnum, мемуары, дзіцячая кніжка… І самы час патлумачыць, як гэта ўсё з табой адбылося.
Сённяшні выпуск падкасту — нефарматны. Адкуль бяруцца кнігі, мы спыталі ў Альгерда Бахарэвіча. І ён адказаў маналогам пра сутнасць пісьменніцтва — адначасова адзінага ў свеце высакароднага падману, тэрыторыі поўнай свабоды і вельмі небяспечнага занятку. Думкі пра таямніцу творчасці ўвайшлі ў найноўшую кнігу аўтара “Папяровы Голем”.
У новым выпуску падкасту
Альгерд Бахарэвіч распавядае, як у шабаноўскім дзяцінстве ўсвядоміў уласную іншасць і даведаўся, што пісьменнікі бываюць не толькі мёртвыя. Разважае пра боль, з якога нараджаюцца кнігі, пра полымя амбіцый, уласцівае кожнаму аўтару. Пра раннія тэксты, якія хацеў бы забыць, пра эмпатыю і талент пераўвасаблення, веру ў натхненне і рытуал чытання ўголас. А таксама пра непаўторнае дыханне літаратуры, без якога аўтар не можа жыць ужо 30 гадоў.