Хто б мы былі, калі б у нас не было Лявона Вольскага? — давялося мне пачуць на адным канцэрце творцы ў час музычнай эйфарыі. «Я не ўяўляю», — адказ прамовіўся сам сабой. Сёння Лявону Артуравічу Вольскаму — 60 гадоў. І ўжо ў спакойнай развазе, адказваючы на гэта пытанне, мне хочацца паўтарыць: я не ўяўляю, кім і як бы мы былі без Вольскага.
Шчыра кажучы, не проста пісаць пра «легенду беларускага року». Але за гады сваёй творчасці музыка напісаў столькі песень, што іх «разабралі» ў плееры, у супольны спеў не адно пакаленне беларусаў. Мне давялося скакаць пад песні N. R. M у «казе» «Мінск» напрыканцы 1990-х (і такое было!), спяваць іх пад гітару на мінскіх вуліцах, чуць, як падхопліваюць складаныя для вымаўлення беларускія словы замежнікі, выслухваць расчуленыя расповеды ад «нейтральных» беларусаў, які раптам адкрылі для сябе творчасць музыканта, і ўжо бачыць, як дваццацігадовыя людзі ў эміграцыі 2020-га пасля дзвюх бутэлек піва пачынаюць спяваць «класіку» і «наўё» Вольскага проста як тое, што заўжды ім належала. Вось праўда! — была сведкай, калі ў суседнім пакоі моладзь усю ноч слухала і спявала Вольскага, пачынаючы ад «Трох чарапах» заканчваючы «Краіны няма».
Хтосьці калісьці пісаў: «Люблю песні Вольскага, але жыць у іх мне надакучыла». А вось так здарылася ў нашай гісторыі, што мы жывем у гэтых песнях. Дзясяткі гадоў. І болей за тое, яны з цягам часу становяцца нашымі каранямі і выратаваннем. Бо ў гэтых песнях ёсць гнеў, боль, вялізная туга, ёсць злосць і свабода, але таксама ў іх шмат любові, веры і асабліва надзеі. Быў неяк такі перыяд пасля 2022-га, калі нічога і нікога не хацелася слухаць: падавалася, што музыка страціла сваю сілу і сэнс, і не можа дапамагчы. І выпадкова трапіла на канцэрт Вольскага — і выйшла адтуль іншым чалавекам. Усё тыя ж ноты і словы — але была ў той музыцы такая духапад’ёмная энергія, такі запал, што ўверуеш — нічога не страчана. І можна толькі ўявіць, колькі душэўнай сілы мусіць мець чалавек, які столькі год, бадзяючыся па свеце, перасякаючы межы і адлегласці, бачачы, як доўга і пакутліва «адкрывае вочы» на дыктатуру беларускі народ, зноў і зноў паўтарае на канцэртах: «Веру, што час Лукашэнкі скончыцца. Ну, не можа гэта столькі год цягнуцца!».
Дзякуй, спадар Лявон, за любоў і надзею! Дзякуй за трыванне і спеў!
***
REFORMATION не ўтрымаліся ад невялікай падборкі кліпаў музыканта, створаных за апошнія пяць гадоў.
«90-я, 2000-я, 2020-ты — увесь гэты час мы ідзем да свабоды. Наш шлях няпросты і на ім шмат каго параскідала па ўсім свеце. Але мы абавязкова вернемся. Вось толькі, куды і калі?» — так прадставілі гэту працу музыкант і яго паплечнікі.
«Чакай мяне» — песня з альбому «Лісты палітвязьням». Песня і кліп, якія не маюць патрэбы ў каментарах.
Відэа на ўжо вядомую песню «Палон» з’явілася на гадавіну падзеяў, што адбыліся ў Беларусі ў жніўні 2020 года. Кліп і сёння адрывае YouTube-старонку музыканта.