Рэзідэнцыя імя Яніны Кац для пісьменніц і перакладчыц з Беларусі ды Украіны аб'яўляе пра чарговы набор кандыдатак
2025-03-10 22:11
KBF i Kraków Miasto Literatury UNESCO запрашаюць да ўдзелу ў трэцяй праграме літаратурнай рэзідэнцыі для пісьменніц і перакладчыц. Сёлета ў Кракаў запрашаюць дзвюх прадстаўніц з Украіны і Беларусі. Падчас двухмесячнага знаходжання ў Кракаве яны атрымаюць стыпендыю і магчымасць удзельнічаць у літаратурным жыцці Кракава.
Патронка рэзідэнцыі Яніна Кац (1939-2013) - кракаўская пісьменніца, паэтка і перакладчыца, якая ў 1969 годзе была вымушаная пакінуць Польшчу з-за антысеміцкай кампаніі, якая тут разгарнулася. Рэшту жыцця яна правяла ў Капенгагене, была лаўрэатам шматлікіх прэстыжных літаратурных прэмій Даніі, перакладала на дацкую мову творы Віславы Шымборскай, Збігнева Герберта і Славаміра Мрожака.
У наш час Кракаў хоча быць надзейным прытулкам для мастакоў, вымушаных пакінуць сваю радзіму. Праграма рэзідэнцыі імя Яніны Кац для пісьменніц і перакладчыц з Беларусі і Украіны ўтварылася менавіта з пераканання, што Кракаў – адкрыты і гасцінны горад, адданы правам жанчын. І месца адыгрывае асаблівую ролю ў дачыненні да жанчын-творцаў з-за ўсходняй мяжы.
Першай рэзідэнткай праграмы імя Яніны Кац стала беларуская паэтка, перакладчыца і празаік
Ганна Янкута. У 2024 г. рэзідэнткамі сталі беларуская перакладчыца з польскай і англійскай моваў
Алена Пятровіч і
ўкраінская пісьменніца, журналістка і перакладчыца Тамара Дуда.
Літаратурная рэзідэнцыя забяспечвае абраным кандыдаткам двухмесячнае пражыванне ў цэнтры горада, стыпендыю 2500 злотых брута ў месяц, кампенсацыю выдаткаў на праезд у Кракаў і назад, матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, а таксама магчымасць пазнаёміцца з мясцовым літаратурным і выдавецкім ландшафтам ды ўсталяваць прафесійныя кантакты з іншымі творцамі. Адна з рэзідэнтак будзе мець магчымасць жыць у Кракаве ў траўні-чэрвені, другая — у чэрвені і ліпені 2025 года.
Праграма з'яўляецца часткай круглагадовай праграмы літаратурных рэзідэнцый Кракава, горада літаратуры ЮНЕСКА.
Да ўдзелу запрашаюцца пісьменніцы і перакладчыцы з Украіны і Беларусі, праграма рэзідэнцыі падтрымлівае папулярызацыю іх творчасці ў Польшчы.
Крытэрыі:
- веданне польскай ці англійскай мовы
- як мінімум, адна апублікаваная кніга (мастацкая ці публіцыстычная), сцэнар (кіно ці тэатр) або пераклад.
Падрабязнасці адносна дакладнай даты пражывання ўзгадняюцца індывідуальна з рэзідэнткай.
Дэдлайн падачы заявак: 17 сакавіка 2025 г.
Час знаходжання ў Кракаве: травень-чэрвень або чэрвень-ліпень 2025 года
Заяўка на рэзідэнцыю павінна змяшчаць запоўненую форму і CV (або біяграфія)