Рэтраспектыўная выстава Барыса Заборава «Карціна памяці» адкрылася ў Францыі
2025-05-27 12:32
У Доме Кайбота ў французскім горадзе Ер (фр. Yerres) адкрылася вялікая рэтраспектыва мастака Барыса Заборава.
Барыс Забораў (1935-2021) належыць адразу некалькім культурам. У 1981 годзе творца пераехаў з Беларусі ў Францыю, дзе пачаў пісаць карціны, якія хутка зрабілі яго знакамітым еўрапейскім мастаком.
Барыс Забораў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Мінску, у сям’і мастакоў, вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, пасля перавёўся ў Сурыкаўскі інстытут у Маскве. І да пераезду ў Парыж быў вельмі паспяховым графікам: атрымліваў прэміі, узнагароджваўся дыпломамі, экспанаваўся на шматлікіх выставах.
Аднак заўсёды марыў пра жывапіс, пісаў карціны ў вольны час, але ацэньваў гэтыя працы як дылетанцкія, бо займаўся жывапісам эпізадычна. А займацца пастаянна не мог і не хацеў: у графіцы ў 1960-я — 1970-я ў той савецкай рэчаіснасці было больш вольнасці.
Экспазіцыя выставы Барыса Заборава «Карціна памяці». Фота: facebook/maisoncaillebotte
Забораў пакінуў пасля сябе кнігу ўспамінаў, дзе падрабязна апісваў свой творчы і жыццёвы шлях. Там ён тлумачыў, што ўвесь час пакутаваў ад усведамлення, што займаецца не тым, чым яму б хацелася. Таму пераехаўшы ў Францыю, стаў шукаць свой творчы метад, свой шлях, сваю нішу менавіта ў жывапісе.
З сабой у эміграцыю па незразумелай яму прычыне ён захапіў калекцыю старых фатаграфій. Здымкі незнаёмых яму людзей. У Парыжы, праглядаючы гэтыя здымкі, ён асэнсаваў, што яго цікавіць на самай справе: «Мой погляд, які спыніўся, прайшоўшы скрозь плоскасць малюнку, сышоў за раму фатаграфіі, як у насцеж адкрытае акно, у бязмежную прастору ўспамінаў... — Шум Парыжа за акном перастаў быць чутны, але слыху адкрыліся далёкія шолахі мінулых гадоў».
Экспазіцыя выставы Барыса Заборава «Карціна памяці». Фота: facebook/maisoncaillebotte
Так «карціна памяці» — нездарма так называецца выстава — стала яго тэмай. Творы заўважылі, і ўжо праз два гады пасля пераезду мастак пачаў працаваць са знакамітай парыжскай галерэяй Клода Бернара.
Метад стварэння карціны — таксама паслядоўна апісаны ў яго ўспамінах — нагадвае фатаграфічны працэс, дакладней — фотапраяўку. Мастак пераносіць галоўнага героя фатаграфіі непасрэдна на палатно, а пасля нетаропка пачынае праяўляць фон і акружэнне для гэтай постаці. Ён нібы вырывае гэтых людзей з мінулага, з нябыту, і пагружае ў ілюзорную і безумоўна містычную жывапісную матэрыю.
Для гэтага часам звяртаецца да ўласнай падсвядомасці, часам да гісторыі мастацтва (цытаты з Веласкеса ці Пікаса і іншых майстроў даволі выразныя ў яго працах). Часам праяўляецца кінематаграфічны эфект, і выпадковыя рухі людзей нібы застываюць у вечнасці. Часам аптычны, калі ствараючы карціну ў карціне, ён піша жывапісную раму ўнутры рэальнай ці інсталюе здымак з дапамогай калажнай тэхнікі. Прастора памяці жыве паводле ўласных законаў, што толькі часткова супадаюць з мастацкімі.
Экспазіцыя выставы Барыса Заборава «Карціна памяці». Фота: facebook/maisoncaillebotte
Да таго ж старая фатаграфія адрозніваецца ад сучаснай тым, што працэс фатаграфавання патрабаваў пэўнага часу. Таму людзі на гэтых здымках углядаюцца ў гледача напружана, уважліва, ненаўмысна раскрываючы свае прыхаваныя сакрэты. Погляд гэтых людзей заварожваў мастака асабліва.
Здымкі, знойдзеныя мастаком на парыжскім «блышыным» рынку, на букіністычных развалах, у гандляроў антыкварыятам, сталі для яго натхненнем на дзесяцігоддзі. З іх дапамогай ён стварыў сваю «бязмежную прастору ўспамінаў».
У 2011 годзе адбылася першая персанальная выстава Заборава ў Мінску, у мастацкім музеі ў некалькіх залах былі паказаны карціны мастака, а таксама скульптура. У фондах Нацыянальнага мастацкага з таго часу захоўваецца карціна Барыса Заборава «Гумно». Нягледзячы на тое, што на ёй увасоблены даволі канкрэтны архітэктурны аб‘ект, гэта таксама — карціна памяці. У дзяцінстве будучы мастак адпачываў з бацькамі ў ваколіцах возера Нарач, і сляды вандровак па гэтых успамінах увасобіліся на палатне.
«Я думаю, што ў галіне мастацтва нельга зрабіць крок наперад, не аглядаючыся на мінулае», — пісаў Барыс Забораў. Нягледзячы на яго прынцыповае адмежаванне ад найноўшых плыняў у мастацтве, ён здолеў не толькі затрымаць мінулае, але і перачараваць яго, каб сучаснікі яго зразумелі. Настальгія — асноўны настрой яго карцін — цяпер вельмі актуальнае пачуццё.