Праваабаронцы прызналі Паўла Спірына палітвязнем
2021-02-08 19:51
Праваабаронцы прызналі палітвязнем блогера Паўла Спірына, асуджанага на 4,5 года за два свае фільмы, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр.Як распавядала Еўрарадыё, прысуд Спірыну агучылі 5 лютага. Яго прызналі вінаватым у распальванні сацыяльнай варожасці. Падставай для крымінальнай справы сталі фільм "Грань" (аб распаўсюдзе наркотыкаў у Беларусі) і відэаролік "Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш на садызм" (пра гвалт сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў 9 жніўня 2020 года). Стужка "Грань" была прызнаная раней у судзе экстрэмісцкай. Спірын спрабаваў аспрэчыць прысуд, але безвынікова.
Аднак крымінальную справу на Спірына пачалі толькі пасля таго, як ён паспрабаваў зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
"Мы лічым, што прысуд Паўлу Спірыну з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады. У сувязі з гэтым мы адзначаем, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў міліцыі ў прыватнасці не з'яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці ў першую чаргу павінна прадухіляць распальванне варожасці ў дачыненні да ўразлівых груп грамадства, а ніяк не прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў і міліцыі ў прыватнасці", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Яны патрабуюць адмяніць прысуд, вынесены палітвязню, і вызваліць Спірына. Таксама праваабаронцы патрабуюць вызваліць іншых палітвязняў, а таксама людзей, затрыманых за ўдзел у мірных сходах у паслявыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Пад заявай падпісаліся араваабарончая арганізацыя Human Constanta, праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва", "Ініцыятыва FORB", Беларуская асацыяцыя журналістаў, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.