- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Верым! Можам! Пераможам! — пад такой назвай выйшаў дакументальнапубліцыстычны зборнік матэрыялаў, прысьвечаных сёлетнім сакавіцкім падзеям у Беларусі. Зборнік “Верым! Можам! Пераможам!” – гэта кніга пра змаганьне, пра прагу пераменаў. Гэта спроба захаваць для гісторыі невялікі, але досыць важкі прамежак часу, калі беларускі народ зьяднаўся і прадэманстраваў жаданьне “людзьмі звацца”. Гэта таксама спроба адлюстраваць агульную карціну рэчаіснасьці вясны 2006 году, складзеную з асобных гісторыяў, падзеяў і фактаў. Гэта спроба данесьці да беларусаў тую праўду, якую замоўчваюць афіцыйныя крыніцы, праўду, якой улады баяцца. Незаконнасьць удзелу ў выбарах Аляксандра Лукашэнкі, масавыя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі напружылі атмасферу ў грамадзтве і падштурхнулі дэмакратычна настроеных грамадзянаў да правядзеньня шырокіх акцыяў пратэсту. Яны не прывялі да зьвяржэньня рэжыму, аднак крок да набліжэньня канца дыктатуры ў краіне быў зроблены: у Беларусі стала модным быць свабодным. “Зьмены прыйдуць непазьбежна, і гэта толькі справа часу. Беларускія грамадзяне, асабліва наша моладзь, хочуць жыць у дэмакратычным грамадзтве, дзе б шанаваліся правы кожнага чалавека, і дзе б урэшце запанавала сапраўдная СВАБОДА,” – сьцьвярджае ва ўступе да кнігі праваабаронца Алесь Бяляцкі.