- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
"Расеі – не, Еўропе – так" За пікет каля расейскай амбасады затрыманыя дзьве дзяўчыны 2 красавіка моладзевыя актывісты паспрабавалі правесьці пікет ля сьценаў расей¬скае амбасады ў Менску. Яны прынесьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг і расьцяжку, на якой было напісана: "Расеі – не, Еўропе – так". Такім чынам маладыя людзі хацелі адзначыць дзень, які пазначаны ў беларускім календары як афіцыйнае сьвята – Дзень яднаньня беларускага і расейскага народаў. Ахоўнік, які заўважыў групу маладых людзей, выклікаў міліцыянтаў, і на трох машынах тыя прыехалі да будынку амбасады. У адной з машынаў яны мелі з сабой зброю. Міліцыянты схапілі двух дзяўчат – Паліну Кур’яновіч і Паліну Дзякову, астатнім удалося адысьці на вуліцу Багдановіча. Дзяўчат даставілі ў пастарунак Цэнтральнага РУУСу Менску, дзе склалі адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП – парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паліну Кур’яновіч да суда адвезьлі на Акрэсьціна, а Паліну Дзякаву, як непаўнагадовую, адпусьцілі праз тры гадзіны. Маладыя людзі паведамілі, што яны спадзяваліся на нейкія праявы разуменьня свабоды выказваньня і сходаў з боку расейскай амбасады, але, на жаль, усё адбылося так, як і ў ранейшыя гады.