Пра
тое, як суіснуюць гэтыя супольнасці, Беларуская служба паразмаўляла з
заснавальніцай «Хаткі», даследчыцай нацыянальных меншасцяў, прафесаркай
Гданьскага ўніверсітэта
Аленай Глагоўскай.
Паводле яе, пасля 2020 года ў Польшчы з’явілася новая, вельмі разнастайная беларуская дыяспара.
— Паводле афіцыйных дадзеных, тут, на
Памор'і больш за 10 тысяч беларусаў. Тыя, хто хоча, прыходзяць,
удзельнічаюць, цікавяцца і такіх нямала, — адзначае яна. — Найперш
актыўнымі застаюцца беларускамоўныя і тыя, хто шукае культурнай і
сацыяльнай інтэграцыі. Пры гэтым адаптацыя не заўсёды простая. Я сама
сюды прыехала з Беласточчыны і памятаю, што таксама трэба было
прызвычаіцца да новага жыцця, — кажа Глагоўская. — Таму «Хатка» выконвае
не толькі культурную, але і інтэграцыйную ролю.
Сярод бліжэйшых планаў арганізацыі — новыя культурныя ініцыятывы. У
прыватнасці, ідэя
ўшанаваць пісьменніка Янку Брыля ў Гдыні, дзе ён
ваяваў у 1939 годзе, а таксама выданне яго твораў у польскім перакладзе.
Разглядаецца і публікацыя двухмоўных успамінаў пра жыццё на
Астравеччыне.
Нягледзячы на працяглую дзейнасць і салідны ўзрост пакалення заснавальнікаў
таварыства, «Хатка» мае пераемнасць.
— Ёсць маладыя людзі, і яны ўжо ўмеюць
працаваць з новымі тэхналогіямі. Гэта радуе, — падкрэслівае прафесарка. —
Маладыя беларусы арганізуюць літаратурныя сустрэчы і культурныя падзеі,
працягваючы традыцыі старэйшага пакалення.
Асобна
Глагоўская звяртае ўвагу на пытанне мовы і ідэнтычнасці. На яе
думку, нават ва ўмовах няспыннай русіфікацыі беларускія сэнсы не
знікаюць і знаходзяць новых носьбітаў у новых пакаленнях.
— Гэта справа свядомасці. Калі яна ёсць, чалавек усё роўна вяртаецца да свайго, — адзначае яна.
Прафесарка таксама раіць беларусам за мяжой карыстацца роднай мовай.
— Размаўляйце па-беларуску, бо ў Польшчы, калі гаворыш па-руску, цябе часта ўспрымаюць як расіяніна. І стаўленне адпаведнае.
На думку даследчыцы, гісторыя пацвярджае трываласць беларускай культуры.
— Інтэлігенцыю знішчалі, але Беларусь усё
роўна адрадзілася ў 1990-я. Значыць, гэты працэс працягваецца і цяпер. І
зноў будзе адраджэнне, — кажа прафесарка Глагоўская, дадаючы аптымізма
на завяршэння размовы: «Беларусь жыве і будзе жыць».