- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мора ля прычала смярдзела, як быццам русалкі пераквасілі капусту. Марскую, вядома. Крываносыя чаіцы брыдка лаяліся хрыпатымі галасамі, забыўшыся, што калісьці карміліся з рук ангельскага святога Баўтрамея і вядуць свой род ад грэцкага князя Кеіка, ператворанага ў птушку. За што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку — з фанабэрыстай Герай. Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы — крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.