- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сонца зайшло. Толькі на захадзе неба яшчэ свяцілася чырванню, як шчака маладзенькай дзяўчыны, якую ўпершыню пацалаваў закаханы хлопец. Зямля апускалася ў млявасць летняе ночы, кароткай і ціхай. Над поплавам рассцілаўся пульхны сувой туману. Гэта быў час спакою, калі птушкі аціхлі ў гнёздах, толькі назойлівы камар, шукаючы спажывы, часам з галодным зумканнем азываўся каля вуха. Гардзей ішоў па траве, акрытай вечаровай расой, Каця побач — па вузкай сцежцы. Ішлі няспешна, удумліва вялі гаворку, прыглядваючыся адно да аднаго. Вусны дзяўчыны час ад часу расквечваліся прыязнаю ўсмешкаю, гэта заспакойвала Гардзея. Ён разумеў, што падабаецца ёй. І гэтага было ўжо дастаткова. Сур’ёзная і абачлівая Каця, як здавалася яму, была процілегласцю вясёлай і няўрымслівай Зосі.