- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Калі яшчэ Данілкава разуменне мірылася з тым, што трапляла на застолле з лесу, вады, хаця і гэта было Божым стварэннем, то сэрца хлапчука шчымела ад болю, калі дзеля гасцей адлоўліваліся белыя і чорныя лебедзі, прыгожыя, як маленькія каравелы, з доўгімі выгінастымі шыямі, даверлівыя да чалавечых рук. Галоўны кухар, ведаючы гэта, пасылаў заплаканага Данілку чысціць сцерлядзь і асятроў, прывезеных з Прыпяці ці Дняпра. А лебедзі, фаршыраваныя мясам зайца і гусінай пячонкай, абмазваліся салодкім цестам, у якое хітра ўпляталіся вяровачкі, абтыкаліся, як было, пер’ем і запякаліся на малым жары. На стол яны прыплывалі па двое на вялікіх падносах-латаках, як жывыя, здаецца, вось-вось гатовыя сарвацца ў расчыненае акно і зляцець на прызамкавае возера.