«Беларускі архіў» — гэта месца,
дзе збіраюцца і захоўваюцца дакументы, фатаграфіі, сведчанні і
артэфакты, звязаныя з жыццём беларускай меншасці ў Польшчы, але не
толькі. Гэта праект, які дапамагае зразумець гісторыю, кім мы былі і кім
з’яўляемся сёння.
Яраслаў Іванюк пра мэты, выклікі і першыя вынікі працы архіва размаўляе з дырэктарам Цэнтра беларускай культуры Анатолям Вапам.
— Ідэя вельмі простая -
трэба дакументаваць жыццё беларускай супольнасці на Беласточчыне, а
таксама наогул беларусаў, якія жывуць не толькі на Беласточчыне і ў
Беларусі, але і па ўсім свеце. Мы збіраем матэрыялы пра ўсіх беларусаў.
Бо трэба ж памятаць, што з Беласточчыны многія людзі выязджалі ў XIX–XX
стагоддзях, падчас Другой сусветнай вайны — у эміграцыю, у Амерыку ці ў
Заходнюю Еўропу, шукаючы працу і лепшае жыццё. Матэрыялы пра іх таксама
намі збіраюцца.
Калі казаць пра нашу калекцыю за два гады
існавання Цэнтра, нам удалося сабраць вельмі многа — больш за 4000
дакументаў, фотаздымкаў, паштовак, розных друкаў і лістовак, абвестак,
якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў. Але гэта яшчэ толькі частка таго,
што нам патрэбна, нават для самой Беласточчыны, каб атрымаць поўную
карціну.
Большасць матэрыялаў паходзіць з XX
стагоддзя. Да Другой сусветнай вайны і пасля яе. Таксама ёсць цікавыя
зборы з другой паловы XIX стагоддзя. Ранейшыя матэрыялы сустракаюцца
вельмі рэдка. Мы маем дакументы пра падаткі, пабудову гаспадарчых
збудаванняў, беларускія паштоўкі, прэсу, кнігі.
Хто тыя людзі, якія перадаюць гэтыя матэрыялы ў «Беларускі архіў»,
якім займаецца Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. І ці цяжка іх
пераконваць перадаць нешта?
— У асноўным гэта перадаюць
беларускія дзеячы з 80‑х і 90‑х гадоў. Бывае, што нават з 70-х, сем'і
перадаюць матэрыялы сваіх дзядоў ці бацькоў. Часта яны не ведаюць, хто
на фотаздымках, але ў нас ёсць магчымасць іх ідэнтыфікаваць праз розныя
газеты, архівы, размовы з людзьмі. Таксама мы купляем матэрыялы з
антыкварыяту і інтэрнэту, калі ёсць магчымасць. Калі нам хто-небудзь
перадае матэрыялы, іх трэба апрацаваць, апісаць і ўпісаць у інвентарныя
кніжкі — гэта займае вельмі шмат часу. Асабліва складана ідэнтыфікаваць
асоб на фотаздымках ці здарэнні, якія на іх адлюстраваны, трэба
праглядаць старыя часопісы, кнігі, размаўляць з людзьмі.
А якія найбольш цікавыя, каштоўныя артэфакты ў Беларускім архіве?
— Наш найбольш каштоўны
артэфакт — гэта ліст караля Жыгімонта Аўгуста з 1570 году. Гэта вайсковы
дакумент XVI стагоддзя з подпісам Жыгімонта Аўгуста, складзены ў
канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага на беларускай мове.
Таксама
вельмі каштоўныя матэрыяльна: збор Сцяпана Копы, музычны архіў з
запісамі песень на касетах, але таксама і нотныя запісы. Нядаўна мы
атрымалі сямейны архіў бацюшкі Сяргея Петрушкевіча. Там 1200–1300
дакументаў і фотаздымкаў ад канца XIX стагоддзя да 2000‑х гадоў. Ёсць
унікальныя фотаздымкі з беларускіх вёсак і мястэчак, зробленыя немцамі ў
час Другой сусветнай вайны. Збор дакументаў і фотаздымкаў вельмі
цікавы, але пакуль не поўны. Цэнтр беларускай культуры чакае ад людзей,
якія захавалі ў сваіх хатніх архівах дакументы і фотаздымкі, каб яны
перадавалі іх у архіў.
Гэта вельмі важна, бо нават звычайныя сямейныя фотаздымкі могуць
утрымліваць інфармацыю пра звычаі, знешні выгляд, лад жыцця людзей і
святкаванні. Мы можам цыфрызаваць матэрыялы, упарадкаваць іх і зрабіць
даступнымі для даследчыкаў і шырокай грамадскасці.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл
Ліст: 2 лістапада 1570 г., Варшава
Змест: Жыгімонт Аўгуст, кароль польскі, вялікі князь літоўскі,
заключыўшы перамір'е з вялікім князем маскоўскім [Іванам IV], выдае
Гентольту Влоху, капітану кавалерыі, які знаходзіўся ў Лепельскім замку,
новы рэкамендацыйны ліст на 50 пяхотнікаў, пасля таго як другія 50
салдат перадаў іншаму лепельскаму капітану кавалерыі, Станіславу
Русецкаму.
Мова: старабеларуская
Апісанне: Пад тэкстам размешчаны подпісы караля і Вялікага Княства
Літоўскага Жыгімонта Аўгуста (лацінская мова) і Мацея Савіцкага
(беларуская мова), пісара Вялікага Княства Літоўскага, а таксама адбітак
праз паперу пячаткі канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. На палях —
запіска, якая паведамляе пра прадстаўленне дакумента 12 чэрвеня 1807 г.
двару камергера-камісара Себежскага павета; на адваротным баку — кароткі
змест.