- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Школу чакае заняпад. У першую нядзелю кастрычніка—дзень настаўніка. Свята, якое ва ўсіх на слыху. Настаўнік і школа—гэта заўжды з табой. Нават пасталеўшы, чалавек неяк па асабліваму ставіцца да гэтых паняццяў. Але ці задумваемся мы пра адпаведнасць прадстаўнікоў гэтае прафесіі дый самой школы тым патрабаванням, якія ўскладае на іх не існая дзяржава, а нутраная логіка ўзгаданых паняткаў. Дый ці задумваемся мы над тым, якой павінна быць адваротная сувязь, то бок уплыў бацькоў і грамадскасці на школу як на грамадскі інстытут і дзяржаўную ўстанову. Думаю, што не. Спантанны пераход школы ад 12-гадовага навучання да 11-гадовага прайшоў гэтак жа неабгрунтавана, імпульсіўна і без сапраўднага грамадскага абмеркавання, як і папярэдні пераход з 11-гадовага навучання да 12-гадовага. Голас грамадскасці дзяржаву не цікавіў ні тады, ні зараз. Пасля гэткіх пературбацый можна пэўна казаць, што ў нашай краіне няма настаўніцтва, як нейкай існай прафесійна-сацыяльнай групы, якая мае свае інтарэсы і дзейсныя механізмы іх прававой абароны. Няма й грамадскіх інстытуцый, якія мусяць адстойваць інтарэсы школьнікаў і іх бацькоў у такой складанай сферы, як адукацыя.