- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вынік - нішто, працэс - усё. Выдаўшы ўказ № 498 “ Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў” улада, ў які ўжо раз, спрабуе адрэгуляваць ўзаемадачыненні паміж плебсам і сабою. Як цвердзіць на старонках раённай газеты загадчык сектару па рабоце са зваротамі грамадзянаў і дакументацыйнаму забеспячэнню кіравання справамі райвыканкаму Т. Вашчанка за мінулы год у райвыканкам паступіла 845 зваротаў, з іх 539 пісьмовых і 306 вусных, што склала 117, 5 % да ўзроўню 2007 году. Скардзіцца й шукаць праўды ў прыўладных кабінетах наш народ навучаны добра. Тут існуе цэлая навука, якую, засвоіўшы на ўласнай скуры, людзі перадаюць з вуснаў у вусны. Шмат цікавага можна адшукаць у інтэрв’ю вышэйзгаданага чыноўніка. Ну, напрыклад, пра тое, што вялікая колькасць зваротаў у райвыканкам тлумачыцца фармалізмам пры разглядзе справаў на мясцовым узроўні, нежаданнем дапамагчы людзям, ігнараваннем іхніх законных патрабаванняў. Нейкім дзіўным чынам пабудавана ў гэтай дзяржаве ўлада, чым далей яна ад чалавека, тым большай “ заклапочанасцю” пра яго яна вызначаецца. Як раённы чыноўнік ганіць бяздзейнасць чыноўніка на ўзроўні сельскага савету, так, відаць, мусіць сябе паводзіць у адносінай да рённага ўзроўню нейкі абласны бонза. Ну, і, прасочваючы гэтую ўладную логіку да канца, самым бязгрэшным і заўжды правым мусіць быць той, хто займае ў гэтай уладнай пірамідзе самае высокае становішча. У нармальных краінах усё наадварот.