Пераслед журналістаў, як прыкмета выбараў
2020-05-14 22:20
Пераслед журналістаў, як прыкмета выбараў, – адзначыў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача выпісалі з рэанімацыі, куды ён патрапіў пасля суда. У панядзелак яго зноў садзяць “на суткі”. Пад адміністрацыйны пераслед патрапілі таксама журналісты, сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”: Алесь Асіпцоў, Аляксандр Буракоў і Міхаіл Аршынскі, апошні – за кратамі правядзе агулам 21 дзень. Яго асудзілі па двух пратаколах.
Паводле Барыса Гарэцкага, улады вельмі рана распачалі кампанію ціску.
– Улады вырашылі “на карню”, як кажуць, спыніць любыя спробы нейкіх хваляванняў, выхадаў на вуліцу. І, на жаль, у нашай краіне разглядаюць журналістаў як тых, хто, па меркаванні ўлады, выводзіць людзей на вуліцы, інфармуе. Таму адбыўся такі ўсплёск. І гэта вельмі трывожна, бо калі выбарчая кампанія так будзе праходзіць, то многім прыйдзецца паперабываць за кратамі.
Калегі таксама распачалі адкрыты збор сродкаў на штрафы для асуджаных журналістаў. Усіх чатырох журналістаў арыштавалі за прысутнасць на сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя