Паўла Левінава не ўзялі ў абласную выбарчую камісію
2020-05-28 13:23
Віцебскі праваабаронца лічыць, што падчас фармавання абласной выбарчай камісіі мела месца дыскрымінацыя: старшыня абласнога савета кепска азваўся пра яго, выступаючы перад прысутнымі.
– Слова ўзяў Цяпэнцьеў, старшыня аблсавету, і ў гэтыя 6 мінут 40 секунд не было сказана ніводнага добрага слова, затое былі абразлівыя выразы, паведамлялася непраўдзівая інфармацыя, і ўсе мае дзелавыя і маральныя якасці былі аблітыя чорнай фарбай.
Павел Левінаў спрабаваў абскардзіць рашэнне наконт фармавання абласной выбарчай камісіі ў абласным судзе. Але суд у асобе Наталлі Хількевіч не задаволіў ягоную скаргу.
Паводле Паўла Левінава, абласны суд не разабраў ягоную скаргу па сутнасці: у ёй вялося пра дыскрымінацыйны падыход да аднаго з прэтэндэнтаў, а ў пастанове прагучала, што парушэнняў заканадаўства не было, і што зацверджаны склад камісіі адпавядае ўсім адпаведным патрабаванням.
Летась праваабаронца Павел Левінаў ужо меў досвед працы ў абласной выбарчай камісіі, якая працавала падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Сёлета сітуацыя змянілася, лічыць актывіст Алег Паўлаў, які прысутнічаў на судзе:
– Левінаў для ўладаў рэальна небяспечны. Ён праваабаронца, які адстойвае правы грамадзянаў, сочыць за выкананнем закону. І калі раней улады маглі ўключыць яго ў камісію ў якасці гульні, то цяпер, калі ўлада захісталася, катэгарычна такія элементы павінны быць выключаны са складу камісіі.
Выбарчым заканадаўствам прадугледжана магчымасць абскардзіць рашэнне па фармаванні камісій праз суд. Але ў Беларусі яшчэ не было такіх выпадкаў, каб суд прызнаў дзеянні прадстаўнікоў уладаў незаконнымі, і каб камісіі былі расфармаваныя і сфармаваныя наноў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск